Вандроўка па Старым Гродне. Частка ІХ. У пачатку вуліцы Савецкай
Звяртаюць увагу канаўкі для стоку дажджавой вады, якія былі на вуліцы да 1938 г. пакуль тут не з’явілася сучасная сцёкавая каналізацыя. Нават можна пабачыць арыгінальную канструкцыю – прыступачкі для пераскоквання праз канаўку, бо зімою ў яе вельмі проста было зваліцца.
Справа – будынак былога гатэля “Беласток” у незвычайным для гарадзенцаў неатынкаваным выглядзе. Так будынак выглядаў да сярэдзіны 1930-х. Аднапавярховы будынак з двухпавярховай прыбудовай далей – гэта знакаміты кінатэатар, які ў польскія часы называўся “Аполла”, а пасля атрымаў назву “Спартак”. Гэта быў кінатэатар ніжэйшай цэнавай катэгорыі, паколькі размяшчаўся ў не прызначаным спецыяльна для кінатэатра будынку. Яго знеслі ў 1969 годзе калі збіраліся будаваць новы корпус універмага.
На гэтых паштоўках на сябе найбольш увагі звяртае вялікая колькасць шыльдаў на будынку гасцініцы “Еўрапейская” (або “Еўропа”). Нездарма рэклама – рухавік прагрэса. Нават Васіль Быкаў пачынаў не з пісання вершаў, а з малявання шыльдаў для апошніх віцебскіх прыватнікаў у 1930-х гг.
На супрацьлеглым баку вуліцы – аднапавярховы драўляны дом на месцы “Дзіцячага свету” (ужо перад самай Першай святовай вайной тут пабудавалі знакамітую мураваную аднапавярховую кнігарню Іберскага) і будынак сучаснага экалагічнага камітэту, які мала змяніўся.
Тады тут таксама размяшчаўся гатэль – “Масква”, які гродзенцы называлі часцей “гатэлем паўстанцаў”. Гатэль пабудаваў апошні маршалак шляхты Гродзенскага павета Севярын Ромер, які быў касірам гродзенскай паўстанцкай арганізацыі ў 1863 г. Ромер быў высланы ў Сібір і дом яму ніколі не вярнулі. Тут дакладна бываў Кастусь Каліноўскі, а вясной 1919 г. адбылося апошняе на тэрыторыі сучаснай Беларусі пасяджэнне ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гатэль “Еўропа” ва ўсёй сваёй прыгажосці. Гродна заўсёды славіўся сваімі гатэлямі, але гатэль “Еўропа” размешчаны ў гэтым вялікім, па мерках нашага горада, будынку, лічыўся найлепшым.
22 чэрвеня 1941 г. каля самага гатэля ўпала нямецкая бомба і разбурыла яго частку. Тым не менш, людзі жылі тут да канца 1940-х гг. а ў архівах нават захаваўся праект аднаўлення гатэля. Яго чамусьці не рэалізавалі і праз нейкі час пачалі будаўніцтва тыпавога будынка ўнівермага.
Цяпер азірнемся на пройдзены намі шлях. Справа ўзвышаецца будынак гродзенскага акружнога суда, пабудаваны ў 1884 г. па праекце губернскага архітэктара Небальсіна. Мала хто звяртае на арнамент дома – сярод галінак дуба і іншых упрыгажэнняў можна прачытаць слова “законъ”. У падвалах гэтага дома былі ўжо ў савецкі час усталяваны першыя ў горадзе аўтаматы па продажы газіроўкі і шмат хто частаваўся малочным кактэйлем.
Гатэль “Раяль”, больш вядомы гродзенцам як рэстаран “Беласток”. Узведзены на пачатку мінулага стагоддзя, ён хутка стаў цэнтрам сходак гродзенскай інтэлігенцыі, дзякуючы свайму ўтульнаму інтэр’еру і густоўнай музыцы, якая тут гучала. Нездарма ў 1919 годзе ў будынку жылі дзеячы ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Варонка і Антон Луцкевіч, адбываліся святочныя сустрэчы.
Яшчэ адзін знакаміты пастаялец – будучы прэзідэнт ЗША, а тады мала каму вядомы маёр Дуайт Эйзэнхаўэр, які ў 1919 г. у складзе амерыканскай камісіі прыехаў правяраць, як складваюцца стасункі паміж беларусамі, палякамі і літоўцамі ў нашым горадзе.
У пачатку 1920-х гг. гатэль і рэстаран “Раяль” разарыліся і перайшлі да новых уласнікаў. Тут размяшчался афіцэрскае казіно, нездарма на вуліцы Гувера (як тады называлі вуліцу Тэльмана) знаходзілся лепшыя ў Гродне публічныя дамы, што абслугоўвалі галоўным чынам афіцэраў і салдат гродзенскага гарнізона.
Цікава, што сёння гэта адзіны вядомы ў горадзе будынак, дзе ў міжваенны час на тынкоўку была нанесена рэклама (прыкладна там, дзе бачна шыльда “Парикмахер”). Яе, на вялікі жаль, затынкавалі у час апошняй рэканструкцыі.
У савецкі час у будынку працаваў гатэль “Беласток” перанесены пасля на Савецкую вуліцу і да апошняга часу працаваў рэстаран, дзе ва ўтульнай абстаноўцы гралі ўдзельнікі будучага ансамлбя “Песняры” і падавалі мяса па-татарку (сырое), якое, зразумела, смакавала далёка не ўсім.
Ужо больш за дзесяць год будынак рэканструюць і давялі яго да таго, што знішчылі ўсе заднія сцены а цяпер нішчаць вонкавы ляпны дэкор. Падобна, што рэстаран не толькі ніколі не верне сваю былую славу і першапачатковы выгляд, але, наадварот, у хуткім часе будзе выключаны са спісу гістарычна-культурнай спадчыны нашай рэспублікі.
Здымкі Яна Лялевіча
Папярэднія выпускі “Вандроўкі па старым Гродне”
Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор |
||