Вандроўка па старым Гродне. Частка ХІ. На старым Рынку

|

Больш за тое, неабазнаны чалавек наўрадці нават пазнае месцы, якія адлюстраваны на даўніх паштоўках. Ну што ж, тым цікавейшым будзе наша падарожжа.

 

Мы стаім амаль там жа, дзе быў зроблены апошні здымак папярэдняй часткі нашага падарожжа. Толькі крыху павярнуліся ўправа.

 

Усё што вы бачыце – быццам цмяны адбітак эпохі былой велічы каралеўскага горада – вялізны палац Радзівілаў, у якім на пачатку ХХ ст. месціліся крамы і склады, гандлёвыя рады, што былі працягам гарадзенскай ратушы (стаіць крыху лявей і ў кадр не трапіла). На заднім плане не захаваная дасюль найбольш аўтэнтычная частка “Батораўкі”.

 

Усё гэта згарэла ў ранішнія гадзіны 22 чэрвеня 1941 г., а пакуль тут хаця і не сустрэнеш ужо дам у крэналінах і швайцараў у парыках, але прыкупіць крыху тканіны ці пару збаноў у яўрэйскай лаўцы можаш запраста.

 

На пярэднім плане дом Курляндскага, які прастаяў на плошчы да пачатку 1950-х гг. (праўда ўжо вельмі моцна пабураны ў вайну). У гэтым доме доўгі час знаходзілася фотамайстэрня Лейбы Гельгора – знакамітага гарадзенскага фатографа, які, як нядаўна высветлілася, перажыў Другую Сусветную вайну і спакойна памёр у далёкім Ізраілі. Уваход у майстэрню вы акурат можаце бачыць на здымку. Далей дом купца Мураўёва.

 

Гэтае месца зусім не пазнаецца. А гэта і ёсць уласна гарадзенскі Рынак. Раней гандлёвая плошча знаходзілася толькі тут і была абмежавана ратушай, Фарай Вітаўта, паезуіцкім касцёлам і забудовай з боку дома купца Мураўёва.

 

У цэнтры не проста фантан, а былы калодзеж каралевы Боны – месца да якога ў 1629 г. быў пушчаны першы гродзенскі вадацяг.

 

Ужо ў другой палове ХІХ ст. з-за спецыфічнай агароджы з бэлек гэтае ўлюбёнае месца прагулак гродзенцаў назвалі “цялятнікам”, а на пачатку ХХ ст. бэлькі замяніла прыгожая каваная агароджа. Гэтыя дрэвы спілавалі і пасадзілі новыя ў пачатку ХХ ст. а тыя раслі на плошчы аж да падзей 2006 года.

 

Плошча ў пачатку ХХ ст. Злева драўляны кіёск прызначэнне якога мы не да канца ведаем (магчыма, там была калонка з вадою для паення коней). У скверы пастаўленыя лаўкі.

 

Паглядзіце, які прыгожы быў дом купца Мураўёва. Ужо тады пафарбаваны ў чырвоны колер (так як цяпер ён ніколі не выглядаў) з абавязковымі палатнянымі навесамі над крамамі, ён прыцягваў да сябе масу пакупнікоў. А як прыгожа замыкала перспектыву камяніца Гаўсмана, з якой пачыналася вуліца Савецкая.

 

Фара Вітаўта ўжо як праваслаўны сабор, але яшчэ ў каталіцкім выглядзе. Той самы “цялятнік” на плошчы, але яшчэ не такія высокія дрэвы.

 

Здымак зроблены да перабудовы Фары пасля пажару 1892 г. і значыць быў зроблены задоўга да таго, як пайшла ў друк сама паштоўка. Калі глянуць на старэйшую ад здымка на некалькі дзесяцігоддзяў гравюру Напалеона Орды, то вакол Фары мы пабачым крамкі і прыгожую браму, якія знеслі ў 1870-х гг. Шкада, што іншых здымкаў плошчы таго часу амаль няма.

 

Перыяд гісторыі калі Фара Вітаўта выгляда так як на гэтых паштоўках, вельмі кароткі. Пасля таго, як у 1892 г. храм вельмі моцна пацярпеў ад пажару, яго ўзяліся перабудоўваць у псеўдарускім стылі па праекце архітэктара Чагіна.

 

Той і раней прапаноўваў варыянты перабудовы Фары з “неправаслаўнага” выгляду, але болей кансерватыўныя. Храм у кожным выглядзе рабіў вялікае ўражанне і заставаўся архітэктурнай дамінантай Гродна. Такім чынам на здымках выгляд храма, які праіснаваў усяго 22 гады, з 1898 па 1920 год.

 

     
 

Папярэднія выпускі “Вандроўкі па старым Гродне”

 

Частка І: чыгуначны вакзал

Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка

Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор

Частка ІV. Домік Элізы Ажэшкі і Марыінская гімназія

Частка V. Гарадская пошта

Частка VI. Швейцарская даліна

Частка VII. Плошча Тызенгаўза

Частка VIII. Ад Губернатарскай плошчы да вуліцы Ажэшкі

Частка ІХ. У пачатку вуліцы Савецкай

Частка Х. Ад гімназіі да Саборнай плошчы

 
     

 

Здымкі Яна Лялевіча