Вандроўка па старым Гродне. Частка ХІІІ. Па Купецкай і Банкавай

|

Пакідаем гарадзенскі Рынак. Перад намі вуліца Маркса, якая ў тыя чысы назывался Купецкая, або Гандлёвая, быў яшчэ кароткі перыяд “патрыятычнай” назвы Кутузаўская, пакуль у 1915 г. Гродна не захапілі немцы. Старыя ж назвы вуліцы Азёрская, Скідзельская і, канешне, Брыгіцкая.

 

Злева ад нас, перад касцёлам, крама Левандовіча, пра якую мы ўжо распавядалі, справа – знакамітая Баторыеўка, толькі з балконамі і ўваходам пад шыльдай “замежныя віна”. Такі тагачасны “Штопар”! Крама, таксама як і ўся камяніца, тады належала Лапіным, багатым яўрэйскім прадпрымальнікам, шмат хто з якіх пакінуў заўважны след у гісторыі Гродна.

 

Далей паглядзім на перспектыву. Літаральна кожная вуліца ў тыя часы павінна была мець у перспектыве нейкі цікавы аб’ект – камяніцу, храм, вежу. Тут – званніца касцёла брыгітак. Як бы цікава яна глядзелася зараз! Яе там проста не хапае.

 

Мы крыху адышлі ад плошчы і павярнуліся назад. У перспектыве – ратуша і замкавы двор (так званы) на месцы Палаца Тэкстыльшчыкаў. А ўявіце, як было ў XVII ст. калі там стаяла прыгожая рэнесансная ратуша з вежай!

 

Можа, прыйдзе час і ў перспектыве вуліцы будуць і ратуша, і абавязкова помнік Стэфану Баторыю. І бачыць усё гэта будзе можна ідучы па самым цэнтры вуліцы, бо вуліца будзе пешаходная.

 

Крыху заглядаем на цяперашнюю Сацыялістычную. Гэтай вуліцы вельмі доўга не было (яна ўпіралася ў гарадскія валы з боку сучаснай Ажэшкі) і яшчэ ў першай палове ХІХ ст. складалася з некалькіх вуліц, якія паступова выраўноўваліся, каб стаць адной Сацыялістычнай (у міжваенны час – Вітальдовай).

 

А тады было некалькі вуліц – Паштовая, Басняцкая, Татарская, Банкавая, Гарохавая. Вось мы на кавалку Гарохавай. Уся забудова ацалела – і габрэйскі малітоўны дом і дом “з якарамі”. Звярніце таксама ўвагу на гонар тагачасных гарадзенцаў – драўляныя ходнікі. Тут яны бачныя вельмі добра.

 

Банкавая. Якая ўтульная і прыгожая гэта частка Сацыялістычнай з агародамі на месцы сучасных сталінак (крама “Містэр Пліткін”). А што гэта за шыкоўны эклектычны будынак банка на пярэднім плане? Правільна – гэта цяперашняя пазменная школа. Яскравы прыклад таго, як цудоўны будынак можна пераўтварыць у зусім непрыкметную гаргару, пра якую нават нельга сказаць калі яна пабудавана, сто гадоў таму ці мінулым летам.

 

Брыгіткі. Рэдкі для былой Рэчы Паспалітай манаскі ордэн, куды бралі толькі дзяўчат з багатых сем’яў. Таму у брыгітак усё было вельмі якасна і да кляштара далучаўся выдатны садзік з агародам. На момант калі зроблены здымак, у касцёле дажывалі апошнія манахіні гэтага ордэна, а апекаваліся імі сёстры ордэна Святой Сям’і з Назарэту (назарэтанкі), якія апекуюцца храмам і сёння.

 

Інтэр’ер касцёла, знішчаны ў 1960-х гг., калі кляштар пераўтваралі ў псіхушку. Цяпер ягоныя здымкі рупліва збіраюць даследчыкі, каб пасля аднаўлення кляштару па-троху ўзяцца за інтэр’еры. Пройдзе якія пятнаццаць год і усё гэта мы зможам пабачыць на свае вочы!

 

Званіца брыгітак – цудоўны помнік архітэктуры, магчыма нават яшчэ і XVI ст. Справа ў тым, што ёсць версія, што гэтая вежа пачаткова была не званіцай, а брамай Гродна з воку Азёр. Сама брама была крыху збоку. Магчыма і праўда, бо будынак званніцы выглядае вельмі ж магутна.

 

Зруйнавалі яго, як вядома, 3 сакавіка 1966 г. праз пяць год пасля Фары Вітаўта. Пад аднаўленне званіцы даўно закладзены падмурак але дазволу няма.

 

На гэтай паштоўцы таксама збольшага ацалелая частка вуліцы. Толькі будынкі справа не ўсе атынкаваныя (памятаеце, мы казалі, што спачатку была можна не тынкаваць будынкі). На вуліцы галоўным чынам рабочы люд – можа работнікі фабрыкі, можа будаўнікі якія вяртаюцца дадому або ідуць на працу.

     
 

Папярэднія выпускі “Вандроўкі па старым Гродне”

 

Частка І: чыгуначны вакзал

Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка

Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор

Частка ІV. Домік Элізы Ажэшкі і Марыінская гімназія

Частка V. Гарадская пошта

Частка VI. Швейцарская даліна

Частка VII. Плошча Тызенгаўза

Частка VIII. Ад Губернатарскай плошчы да вуліцы Ажэшкі

Частка ІХ. У пачатку вуліцы Савецкай

Частка Х. Ад гімназіі да Саборнай плошчы

Частка ХІ. На старым Рынку

Частка ХІІ. Каталіцкая Катэдра

 
     

 

Здымкі Яна Лялевіча