Вандроўка па старым Гродне. Частка ХІV. Ад Аляксандраўскай Слабады да Кургана
Перад намі будынак Пушкінскага вучылішча на паштоўцы самага-самага пачатку ХХ стагоддзя. Арыгіналу яе ніхто з гарадзенскіх калекцыянераў, мабыць, нават у руках не трымаў і захавалася яна толькі ў збіральніка з Рыгі Вячкі Целеша, які надрукаваў яе ў сваёй кнізе “Беларусь на старых паштоўках”.
Паштоўка вельмі старая і таму аднабаковая – тэкст віншавання або паведамлення пісалі з таго самага боку, дзе знаходзіўся малюнак, толькі на пустым полі. Пушкінскае вучылішча – цікавенны прыклад “цаглянага стылю” – гэта калі выкарыстоўваецца цэгла розных колераў і формы. Таму будынак не тынкаваны, а з жоўтай цэглы з чырвонымі ўстаўкамі, уласна кажучы, такі самы як і сёння.
Пасля Пушкінскага вучылішча ў будынку размяшчаліся Міністэрства беларускіх спраў пры ўрадзе Літвы (1919 г.), а пасля школа імя Стэфана Баторыя. Пра гэты перыяд гісторыі будынка нагадвае знявечаная шыльда ў гонар вялікага караля.
Пройдзем крыху вышэй па вуліцы Будзёнага, тады Аляксандраўскай і, павярнуўшыся, акінем вокам краявід. Перад намі знаёмы ўсім роў з чыгункай і памятны не аднаму пакаленню гарадзенцаў унікальны кляпаны мост. Яго знялі падчас перабудовы кальца ў 2005 годзе і абяцалі захаваць, таксама як і старую магістрацкую плітку.
За мостам забудова так званай Аляксандраўскай слабады – комплекса ўзведзеных у 1880-х гг. казарм для царскага войска. Казармы захаваліся дасюль і бачныя на гарызонце. А вось перад імі, там, дзе сёння аўтавакзал, бачым мноства хатак, раскіданых навокал тагачаснага Скідзельскага рынка. Некалькі домікаў каля чыгункі захаваліся дасюль і бачныя і на старой паштоўцы, і на сучасным здымку.
Мы знаходзімся на адной з пляцовак сучаснага Скідзельскага рынка, там, дзе любяць прадаваць усялякую ламату аматары тэхнікі. Перад намі на мост бяжыць чыгунка, на другім плане пакручастыя берагі Нёмана і занёманскі Фарштат.
А на пярэднім плане забудова вуліцы Падольнай, якая захавала сваё імя і сёння. З блытаніны вузкіх вулачак не захавался нічога, апошні невялічкі квартальчык на Падольнай каля заправачнай станцыі быў знішчаны ў 2011 годзе. Фарштат выгарэў у чэрвені 1941 года.
Мы крыху вярнуліся назад і падыходзім да былога яўрэйскага шпіталя, узведзенага яшчэ ў 1860-х гг. Калісьці гэты шпіталь лічыўся ці не лепшым у горадзе. У савецкі час яго далучылі да комплекса чыгуначнай бальніцы, даволі моцна яго знявечыўшы.
Вось ужо некалькі гадоў ён стаіць пусты. Чыгуначная бальніца была ліквідавана, а будынак чакае новага гаспадара. Магчыма, гэты новы гаспадар паклапоціцца пра вяртанне будынку ранейшага аблічча.
Паштоўка надрукавана ў гады Першай сусветнай вайны бо на ёй пазначана вайсковае прызначэнне будынка.
Дастаткова павярнуць на Свярдлова і мы апынемся каля былой яўрэйскай багадзельні – аднаго з найпрыгажэйшых калісьці будынкаў Гродна. І сёння здзіўляе захаваны ганак і рэшткі дэкаратыўнай ляпніны з гіпсу – унікальны для Гродна прыём архітэктараў.
Будынак і асабліва яго ўнікальныя дэталі патрабуюць тэрміновейшай рэстаўрацыі сёння, бо страцім апошні ў горадзе дом з такім ляпным гіпсавым дэкорам. Але, здаецца, гэта мала каго турбуе, бо траціць каштоўнае – гэта для нас звычайная справа.
А вось тут будзе самае незвычайнае. Перад намі ваданапорная вежа, адна з тых дзвюх, што радуюць вока сваімі прыгожымі формамі і сёння.
Гарадзенскі водаправод быў заснаваны ў 1878 г. Ваду для яго першапачаткова бралі проста з Нёмана і ачышчалі праз спецыльны фільтр. Толькі з прыходам у Гродна немцаў у 1915 г. ваду пачалі здабываць са спецыяльных артэзіянскіх свідравін.
Мы бачым тут адну вежу – пабудаваную ў канцы ХІХ ст. Раней лічылася, што другая вежа з’явілася каля 1905 г., але зусім нядаўна былі знойдзены здымкі 1915 г., на якіх яскрава бачна, што і тады вежа была толькі адна. Магчыма, што другую вежу пабудавалі акурат у 1916 годзе, калі пачыналі здабываць ваду са свідравін. У кожным разе, гэтае пытанне яшчэ трэба даследаваць.
Сёння ў вежах знаходзяцца мастацкія майстэрні, але хутка іх перанясуць у будынкі былога памежнага атрада па вуліцы Горкага.
Здымкі Яна Лялевіча