Вандроўка па старым Гродне. Частка XV. Сенны рынак, вуліцы Баніфратарская і Кляшторная
Сенны рынак. Цягам ХІХ – першай паловы ХХ ст. ён быў афіцыйнай альтэрнатывай старому гарадзенскаму рынку, які да таго часу стаў Саборнай плошчай. На Сенны рынак з’язджаліся сяляне з ваколіц горада, тут рабілі свае закупы служанкі багацейшых гараджан, якія на самым рынку з’яўляліся рэдка.
Магчыма рынак паўстаў у пачатку ХІХ ст. пасля таго, як нехта з ініцыятыўных гарадзенскіх губернатараў прапанаваў перанесці знакаміты зэльвенскі кірмаш у Гродна, бо былы Рынак (цяпер Савецкая плошча) ужо выконваў больш афіцыйныя функцыі. Кірмаш з Зэльвы так і не перанеслі, а памяць пра наш Сенны рынак засталася толькі на старых паштоўках.
З боку Сеннага рынка па старой Татарскай мы дабраліся да пабернардынскага кляштара. Цяпер высокага муру няма, тут забор школы №1. А ў тыя часы за мурам размяшчаліся былыя валоданні кляштара, у тым знакамітыя Стабуля Рэгіа (Каралеўскія стайні), вядомыя нам яшчэ з часоў “да Стэфана Баторыя”. Дарэчы, апошнія кавалкі гэтых стайняў развалілі толькі напачатку ХХІ ст., так адпаведным чынам іх і не вывучыўшы.
Падыход да пабернардынскага касцёла з боку галоўнага ўвахода. Да пачатку ХІХ ст. тут размяшчаліся могілкі мясцовай каталіцкай парафіі. Спуск да вуліцы Мяшчанскай быў плоскі, яго паглыбілі толькі пасля вайны, пашыраючы вуліцу Парыжскай камуны і спуск да моста.
Спуск да вуліцы Агароднай (Кармеліцкай), цяпер Завадской. Бернардынскі касцёл з забудовай вуліцы Падгорнай перад ім. Злева былы кармеліцкі касцёл, перароблены царскай уладай на казармы. Шкада, што не можам азірнуцца назад. Фатограф стаяў спіной да цікавага ўваходу ў гарадзенскі піўзавод, які быў аздоблены скульптурамі львоў.
Інтэр’ер пабернардынскага касцёла мала змяніўся да сённяшняга дня, аднак у гады Другой сусветнай вайны ці адразу пасля яе перамалявалі фрэскі над алтаром. Не будзем забывацца, што касцёл пацярпеў у часе бамбардзіроўкі 22 чэрвеня 1941 г. і да 1942 года стаяў без даху. Храм ацалеў, фактычна, цудам.
Вуліца Падольная з цудоўным кармеліцкім касцёлам XVIII ст. Да моманту, калі быў зроблены гэты здымак, касцёл ужо амаль сорак гадоў як быў зачынены. Яго нават планавалі перарабіць на губернскую турму і падчас паўстання 1863 г. трымалі там і крымінальнікаў, і паўстанцаў.
У пачатку XX ст. з кляштара зрабілі казармы, зруйнаваўшы пярэднюю частку храма, а рэшту падзяліўшы на паверхі. У першай палове 1990-х гг. па ініцыятыве тагачаснага намесніка старшыні гарвыканкама Аляксандра Мілінкевіча было адноўлена некаторае падабенства з кляштарам.
Калі ісці па вуліцы Замкавай, то яшчэ сорак год таму акурат за палацам тэкстыльшчыкаў пачыналася вуліца Кляштарная. Гэта была вельмі цікавая вуліца – з аднаго боку гмах тытунёвай фабрыкі (яе двары), а з другога боку шляхецкія сядзібы, нейкім дзіўным чынам закінутыя ў індустрыяльны цэнтар. Напрыклад, там месцілася сядзіба Румеляў, з якіх выйшлі і алімпійскі чэмпіён па конным спорце, і генерал – абаронца Варшавы ў 1939 г.
Заканчвалася вуліца невялікім пляцам з скрыжаваннем з вуліцай, што ішла з Падола. Там знаходзілася брама-званніца былога кляштара бернардзінак і сам кляштар, перароблены ў сярэдзіне XIX ст. на праваслаўны мужчынскі Барыса-Глебскі манастыр. Манастыр набыў такі выгляд як на паштоўцы ў 1870-х гг., пасля перабудовы яго на праваслаўны лад. Як ён выглядаў раней можна бачыць на малюнках Напалеона Орды.
Адгалінаваннем Кляштарнай быў накірунак на манастыр Раства Багародзіцы. Гэты храм будаваўся як уніяцкі і алтарную частку ў ім у свой час перанеслі з аднаго канца будынка ў другі. Таму цяпер вернікі ўваходзяць у храм там, дзе раней быў алтар. А яго фасадная частка – тая, што на фотаздымках – засталася на гарадскіх задворках. Добра, што храм наагул ацалеў.
Дарэчы, да канца 1990-х гг. храм не меў ні залатых крыжоў, ні зорачак на купале. Тое яўна супярэчыць канонам беларускай архітэктуры і можна толькі дзіву давацца, як міністэрства культуры дазволіла такія “ўпрыгажэнні”.
Вяртаемся на Маставую каля тытунёвай фабрыкі. Гэты прамысловы гігант нечакана вырас у самым цэнтры горада ў канцы ХІХ ст. і гісторыя пашкадавала яго. Цікава, што сучасны будынак складаецца з двух-трох спалучаных паміж сабою старых будынкаў. Злева – неацалелая забудова Маставой за палацам Радзівілаў з паваротам на вуліцу Старую, там, дзе цяпер знаходзіцца ўсім вядомы помнік танку.
Здымкі Яна Лялевіча