Вандроўка па старым Гродне. Частка XVI. Вуліца Замкавая

|

 

З левага боку вялікі дом саветніка Харчанкі. Ён будаваўся з пачатку ХХ ст., таму на здымку ён яшчэ неатынкаваны. Але і на сучасным, ужо патынкаваным доме, ляпны дэкор так і не скончаны. Дом пачаў мяняць гаспадароў і на знешнюю прыгажосць ужо не было часу.

 

Цікавая таксама брыка з накрыццём. Вельмі прымітыўная, падобна нават без рэсораў. Паглядзіце, якім сімпатычным быў дом па Замкавай, 15 – двухпавярховы з мезанінам. Цяпер гэта страшная чатырохпавярховая хрушчоўка. Умелі ж так перабудоўваць!…

 

Тут пейзаж аднаўляецца амаль цалкам. За тым толькі выключэннем, што паварот на Вялікую Траецкую быў тады не за першым домам на здымку (Замкавая 17), а перад ім. Дом быў якасна адрэстаўраваны ў 1989 г., а пажарная каланча ўпрыгожвае (хаця і не ўсе з гэтай канстататацыяй былі згодныя) горад з 1901 года.

 

На гэтым здымку бачым, як прыгожа ўзвышалася над горадам Фара Вітаўта (ужо ў варыянце праваслаўнага сабора). Але самы цікавы элемент – камяніца Масальскіх (яна захавался, хаця і не мае такога прыгожага даху) і палац Масальскіх каля яе. Палац Масальскіх згарэў у 1907 г. і цяпер на яго месцы невялікі аднапавярховы дамок. Гэта на сёння адзіны здымак, на якім мы можам палац Масальскіх пабачыць.

 

Пажарная частка. Яна паўстала тут пасля пажара 1885 г., калі амаль цалкам выгарэлі былыя каралеўскія стайні. Ад апошніх застаўся толькі адзін трохпавярховы флігель (на здымку на пярэднім плане). Рэшту перабудавалі пад пажарную частку з вежай. Так было да 1970-х гг., калі частку павярнулі на 90 градусаў, а на яе былым месцы прарубілі дарогу. Праўда і той “пажаркі” 1970-х гг. няма – яе зруйнавалі ў 2006 г., замяніўшы новым будынкам.

 

Уваход у Новы Замак, які ў пачатку ХХ ст. быў вайсковым шпіталем, аднак да 1944 г. захоўвай элементы былога аблічча і велічы. На вялікі жаль, ні ў часы Расійскай Імперыі ні міжваеннай Польшчы Новы Замак зусім не быў пажаданым аб’ектам фатографаў. Таму і мусім задавольвацца такімі здымкамі (другі від – рэпрадукцыя старой франкамоўнай паштоўкі, якая складалася з чатырох выяў), на якіх бачны толькі абсалютны лес на курданёры замка. І яшчэ цікавая разная драўляная брама, што прастаяла да 1920-х гг.

 

Параўнайце гэтыя здымкі. Выглядае Стары Замак таксама занядбана, як і сёння, але на самым першым няма надбудовы – трэцяга паверху ў цэнтральнай частцы замка. Яе прыраблі ў самым пачатку ХХ ст., калі прыстасоўвалі адну з залаў замка пад урачыстыя мерапрыемствы расійскіх афіцэраў. А так… у гродзенскім Старым Замку (цяпер музей) не змянілася нічога і невядома калі зменіцца, нягледзячы на ўсе абяцанкі.

 

Здымкі Яна Лялевіча


Ранейшыя часткі “Вандроўкі па старым Гродне” можна паглядзець дзякуючы нашай мапе, а таксама па спасылках ніжэй

     
 

Папярэднія выпускі “Вандроўкі па старым Гродне”

 

Частка І: чыгуначны вакзал

Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка

Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор

Частка ІV. Домік Элізы Ажэшкі і Марыінская гімназія

Частка V. Гарадская пошта

Частка VI. Швейцарская даліна

Частка VII. Плошча Тызенгаўза

Частка VIII. Ад Губернатарскай плошчы да вуліцы Ажэшкі

Частка ІХ. У пачатку вуліцы Савецкай

Частка Х. Ад гімназіі да Саборнай плошчы

Частка ХІ. На старым Рынку

Частка ХІІ. Каталіцкая Катэдра

Частка ХІІІ. Па Купецкай і Банкавай

Частка ХІV. Ад Аляксандраўскай Слабады да Кургана

Частка XV. Сенны рынак, вуліцы Баніфратарская і Кляшторная