Пачаўся збор сродкаў на пагашэнне штрафаў затрыманых і асуджаных фанатаў
Нагадаем, у панядзелак, 12 кастрычніка, у перапынку матчу Беларусь – Македонія супрацоўнікі МУС затрымалі і даставілі ў РАУС трох фанатаў зборнай Беларусі. Прычынай затрымання стала нежаданне зняць шалікі з выявай герба “Пагоня”.
На наступны дзень адбыўся суд, падчас якога высветлілася, што хлопцы на самай справе “мацюкаліся і не выконвалі законныя патрабаванні міліцыянтаў”. На кожнага быў накладзены штраф у памеры 10 базавых велічынь, або па 1,8 млн рублёў.
Віталь Будзько: “Затрымалі за шалік з зарэгістраванай сімволікай. Аб чым тут можна казаць?”
Каб дапамагчы пацярпелым пагасіць штрафы фанаты зборнай абвясцілі збор сродкаў.
Пералічыць грошы можна на кашалёк Easypay, нумар 12.420.651.
У выпадку, калі паступленні перавышаюць неабходную суму штрафаў, то лішак будзе перададзены людзям, якія маюць патрэбу, у дабрачынны фонд або ў дзіцячы дом.
***
Каментар “Твайго стылю”
Руслан Кулевіч, спартовы аглядальнік
Дзіўныя рэчы адбываюцца ў беларускім футболе. То міліцыя не пазнае галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай (!), то футбольных заўзятараў пачынаюць судзіць за нашэнне беларускай сімволікі.
У той момант калі нацыянальнаму футболу патрэбна падтрымка, як ва ўнутраным чэмпіянаце, так і на міжнароднай арэне, усё адбываецца так, каб адштурхнуць людзей ад гульні. Апошнія падзеі, звязаныя з затрыманнем заўзятараў, толькі дадалі негатыву да тэмы беларускага футболу. Паглядзіце, што адбываецца ў нас на трыбунах. Людзі ўжо перасталі хадзіць на футбол, а што будзе ў маючых адбыцца турах чэмпіянату Беларусі? Мабыць, пасля такога стаўлення міліцыі, людзі і зусім престануць хадзіць на матчы.
Апошняе затрыманнее заўзятараў з’яднала як людзей, якiя любяць футбол, так і ўсіх неабыякавых. Цi будуць байкатаваць беларускія заўзятары нацыянальны футбол, пакажа час. А зараз прыйшоў час дапамагчы людзям, якія апынуліся крайнімі ў разборках дзяржавы і звычайных грамадзян.