Гродна ў канцы 1918-га: акупацыя пасля акупацыі

Гродна – апошні калідор ва Усходнюю Прусію

 

З-за складанага палітычнага становішча на былым Усходнім фронце (маецца на ўвазе наступ бальшавікоў), германскія войскі, са згоды Антанты, засталіся ў Заходняй Беларусі яшчэ на паўгода. Галоўнай мэтай Англіі і Францыі было спыніць наступ бальшавізму. Кардонам для Еўропы сталі былыя кайзераўскія салдаты. Да таго, немцы жадалі вывезці ў Германію шматлікія прыпасы і свае войскі з Украіны. Маладая Польская рэспубліка, якая з’явілася ў тым жа лістападзе, не хацела прапускаць нямецкмія эшалоны праз сваю тэрыторыю. Гродна, такім чынам, застаўся для немцаў апошнім калідорам ва Усходнюю Прусію.

 

З-за германскай рэвалюцыі армія пачала імкліва развальвацца. Многім немцам не хацелася сядзець на Гродзеншчыне наступныя шэсць месяцаў. З частак былой 10-й арміі былі сфарміраваны Зводны Рэзервны корпус і Ландверны корпус, якія засталіся ў Гродне.

 

Гродзенская крэпасць, хутчэй за ўсё, была расфарміравана. Немцам зараз было ўжо не да фартоў. Галоўнымі аб’ектамі Гродна сталі масты праз Нёман і чыгуначны вакзал. Менавіта праз яго ішлі шматлікія эшалоны з войскамі і сотнямі тон нарабаваных з Украіны і Беларусі грузаў.

 

У немцаў з’явіліся свае “саветы”

 

Вышэйшым органам ваеннай улады ў горадзе стала Камендатура з падпарадкаванымі ёй войскамі. У канцы 1918 г. яе узначальваў генерал фон Даноп, а з пачатку 1919 г. – маёр Генеральнага Штаба фон Лёвенфельд.

 

Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі ў нямецкай арміі былі абразаваны солдацкія саветы (Soldatenrat). Цяпер толькі з іх згоды прымаліся ўсе рашэнні. З’явіліся яны і ў Гродне. Рашэнні ваеннай улады (напрыклад, прыгаворы вайсковых судоў і іх выкананне ў адносінах да мясцовага насельніцтва) прымаліся толькі пасля рашэння Салдацкага савета.

 

Орган грамадзянскай нямецкай улады называўся Крэйзамтам (Kreisamt). У снежні 1918 г. яго ўзначальваў генерал фон Зекендорф, а са студзеня 1919 года – выконваў абавязкі кіраўніка яго намеснік доктар права Фагель.

 

У Гродне дзейнічалі тры саветы (пры Камендатуре, пры Крэйзамте і пры гарадскім цывільным кіраванні). У іх кіраўніцтве стаялі салдаты Келер, Маржэц, Рудольф, Вімерс, Кірхгоф. Былі ў Гродна і т.зв. нямецкія рэвалюцыянеры “спартакаўцы”, паплечнікі знакамітых Карла Лібкнехта і Розы Люксембург. Аднак апошняе слова ў кіраванні Гродзеншчынай, як і ў пачатку акупацыі, знаходзілася ў камандавання 10-й нямецкай арміі.

 

Фронт з бальшавіскімі войскамі на ўсход ад Гродна (па лініі Крынкі – Лунна – Скідзель – Азёры) кантралявала 4-я ландверная дывізія, штаб якой знаходзіўся ў горадзе. Гэта была галоўная сіла немцаў ва ўсім рэгіёне.

 

Беларусы ў гарадскі камітэт не трапілі

 

Гродзенцы таксама адчулі наступствы Лістападаўскай рэвалюцыі на сабе. Спыніліся рэквізіцыі на карысць нямецкай арміі. Быў, нарэшце, дазволены гандаль з навакольнымі вёскамі. Акрамя таго, з лагераў былі выпушчаны шматлікія рускія ваеннапалонныя былой імперскай арміі. Зараз гэтыя кінутыя ўсімі людзі вялікімі натоўпамі запрудзілі гарадскія вуліцы. Зразумела, яны не атрымалі ніякіх сродкаў для існавання. У горадзе, па прапанове гродзенскага камітэта і ініцыятывы саміх гарадзенцаў, быў распачаты збор сродкаў і адзення для іх.

 

Шмат змянілася і для гарадскога самакіравання. Зараз ужо з’явілася надзея на хуткі сыход немцаў з Гродна. У гэтым выпадку часовы гродзенскі гарадскі камітэт рыхтаваўся да пераймання ўлады. У камітэт уваходзілі прадстаўнікі асноўных нацыянальных груповак, пражываючых у Гродна: палякаў, рускіх і яўрэяў. Польскую групоўку прадстаўляў у Гродна Польскі дэмакратычны камітэт. Ён агітаваў за далучэнне горада да Польшчы. Рускую частку насельніцва Гродна прадстаўляла Руская Управа. Яўрэйскае насельніцтва групавалася вакол яўрэскіх арганізацый і Рабочай партыі. Беларуская частка насельніцтва была яшчэ дастаткова слабая і не здолела трапіць у гарадскі камітэт. Існаваў у горадзе і бальшавісцкі савет.

 

Камітэт найперш патрабаваў у немцаў перадачы яму гаспадарчай улады над горадам і права стварыць сваю паліцыю. У канцы 1918 года немцы згадзіліся на гэта, аднак міліцыю ўсё ж пакінулі сваю. Яна працягвала сачыць за парадкам у горадзе. Па за яго межамі нямецкая міліцыя ўжо не дзейнічала, што дало магчымаць хуткаму росту польскіх узброеных добраахвотніцкіх атрадаў.

 

Мармеладная фабрыка абышлася гораду ў мільён марак

 

З горада ўжо былі эвакуяваны вайсковыя шпіталі, суд, пошта. Немцы пачалі прадаваць харчовыя прыпасы. У снежні пад уладу гарадскога камітэта перайші запасы харчавання, скатабойня, мікраскапічная станцыя, бальніца, аптэкі, будынкі школ і вучылішчаў. Аднак галоўныя аб’екты гарадской гаспадаркі – мармеладная фабрыка і электрастанцыі – яшчэ знаходзіліся ў немцаў. Толькі ў пачатку 1919 года гарад атрымаў фабрыку за 1,1 млн. марак. Электрастанцыі (центральная з лакамабілем і на Фарштаце) таксама абышліся гораду за скромныя 60 тысяч марак.

 

Выканаўчая ўлада заставалася цалкам у нямецкіх руках. У гэты час у Гродна з’явілася губернская беларуская ўправа, якая пачала арганізоўваць мясцовыя органы ўлады па-за межамі Гродна ў навакольных вёсках.

 

Палякі раззбройвалі нямецкіх салдат. Потым раззброілі іх саміх

 

У пачатку 1919 года немцы кантралявалі толькі горад і чугунку. За яго межамі актыўна бурліла палітычнае жыццё. Польскія атрады арганізацыі “Самаабарона Гродзенскай зямлі” дабіліся ў немцаў дазволу на арганізацыю 14 камендатур вакол Гродна і фарміравання свайго палка. Немцы нават перадалі ім 500 карабінаў і вайсковую форму. Праўда гэтыя прапольскія сілы не мелі права знаходзіцца ў Гродне. Іх цэнтрам стала Капцёўка. Аднак праз некаторы час польскія атрады пачалі нападаць на нямецкія пункты жандармерыі, раззбройваць нямецкіх салдат. У студзені нават з’явіліся планы па захопу ў немцаў Гродна.

 

У 1919 годзе з Германіі на фронт пачынаюць прыбываць добраахвотніцкія войскі (т.зв. «Freikorps»), якія былі арганізаваны з добраахвотнікаў, жадаючых паваяваць на Усходзе яшчэ некаторы час. У адрозненні ад армейскіх частак, добраахвотнікі былі апантанымі і фанатычнымі салдатамі, негатыўна настроенымі да любых праяў рэвалюцыі. У Гродна быласфарміравана 59-я добраахвотніцкая брыгада, маючая на ўзбраенні гарматы, кулямёты і бронеаўтамабілі.

 

У сярэдзіне студзеня 1919 года нямецкія добраахвотнікі рашуча спынілі дзейнасць прапольскіх ваенізаваных атрадаў. Высланыя з Гродна атрады 59-й брыгады раззброілі польскі батальён у Капцёўцы. У Сапоцкін таксам была выслана пяхота з бронеаўтамабілем. У горадзе былі забаронены ўсе польскія арганізацыі, звязаныя з ваеннай справай.

 

Чытайце таксама:

 

“Последние дни Гродны”. Што пісаў расійскі карэспандэнт пра захоп горада немцамі ў 1915 годзе

 

“Немцы ў горадзе!” Як 100 гадоў таму кайзераўскія войскі захапілі Гродна

 

Гродна ў верасні 1915: горад на фотаздымах нямецкіх салдат (24 фота)

 

Гарадзенская крэпасць, у якой праводзілі тэхна-дыскатэкі


Гродна ў Першай сусветнай: будаўніцтва крэпасці, візіт кайзера і што пра немцаў кажуць паштоўкі


“Гута моргэн, гэр гэрманіш!” Як жыў горад у час першай нямецкай акупацыі