Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Смаргонскі раён

|

З адметнасцямі Смаргонскага раёна знаёміць вядомая журналістка і паэтка Ала Страшынская (Клемянок)

 

Нядаўна яна была адной з гераінь праекту “Постаці”, прысвечанага асобам, якія зрабілі вялікі ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай гістарычнай і культурнай спадчыны.

 

 

1. Кальвінскі збор

Бывалыя турысты ведаюць як вызначаць па старажытных культавых пабудовах накірунак на захад ці усход.

 

У каталіцкіх касцёлаў іканастас заўжды знаходзіцца ў заходняй частцы храма, а ў праваслаўных – ва ўсходняй. Іканастас смаргонскага касцёла Святога Міхаіла Архангела, як і іканастас Спаса-Праабражэнскага праваслаўнага сабора, што ўзвышаецца крыху наводдаль, указваюць на ўсход.

 

Прычына простая: сённяшні касцёл будаваўся ў ХVI стагоддзі як Кальвінскі збор.

 

На той час у Еўропе пачала распаўсюджвацца новая рэлігійная плынь, да якой далучыліся многія ўплывовыя магнаты. Такім чынам яны бараніліся ад празмернага ўмяшальніцтва як каталіцкага, так і праваслаўнага духавенства, якое меньш за ўсё дбала пра інтарэсы Вялікага княства Літоўскага.

 

Заўзяты кальвініст Юры Зяновіч заклаў падмурак будучага храма, а яго сын Хрыстафор завяршыў будаўніцтва. Смаргонскі Кальвінскі збор – адзін з цікавейшых помнікаў ранняга рэнесансу Беларусі. Ён пабудаваны ў адпаведнасці са сціплымі патрабаваннямі кальвінісцкага богаслужэння. Але пад уплывам бясконцых ваенных пагроз ён не мог не набыць некаторых рыс храма абарончага тыпу. Вось і таўшчыня сцен храма месцамі дасягае чатырох метраў. Ці не гэта паспрыяла таму, што шматлікія ваенныя віхуры не здолелі зруйнаваць святыню.

 

Нават падчас Першай сусветнай вайны, калі праз Смаргонь прайшла лінія фронту і горад быў зруйнаваны, адзіны Кальвінскі збор горада ўзвышаўся над папялішчамі.

 

У розныя перыяды, у адпаведнасці з палітычнай сітуацыяй, будынак належыў розным канфесіям.

 

Пасля Другой сусветнай вайны гэты ўнікальны помнік сярэднявечча наогул на многія дзесяцігоддзі быў зачынены. Толькі ў 70-я гады ХХ стагоддзя па ініцыятыве мясцовых уладаў і Міністэрства культуры было прынята рашэнне аб яго рэстаўрацыі і стварэнні музея.

 

Напрыканцы 80-х гадоў адрэстаўрыраваны храм быў перададзены каталіцкай абшчыне. Унутранае ўбранства, дзе прысутнічае пераважна драўляная скульптура, не адпавядае канонам сярэдневяковага храма. Затое сваёй сціпласцю нагадвае пра ідэю кальвінізму, што была эмбрыёнам нацыянальнай ідэі.

 

2. Паўночныя Афіны ў Залессі

Прадстаўнікі багатага і ўплывовага роду Агінскіх мелі шмат шыкоўных палацаў і раскошных маёнткаў на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Асобныя з іх захаваліся і сёння, уражваючы веліччу, прыгажосцю, багатай фантазіяй архітэктараў і садова-паркавых дызайнераў.

 

Напрыклад, палацы ў літоўскіх Плунзе і Крэцінзе іншы раз параўноўваюць з Версалем ці Пецяргофам. Але не менш прыцягальнай для вандроўнікаў была і застаецца сціплая сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, якую сучаснікі славутага гаспадара называлі “Паўночнымі Афінамі”.

 

У свае найгоршыя часы запусцення і закінутасці гэта месца прываблівала незвычайна рамантычнай атмасферай старажытнага парка, аўрай маёнтка. Палацык ліпавай прысадай, нібы працягнутымі да дарогі рукамі, запрашаў і заклікаў не абмінаць яго, завітаць да сцен, што памятаюць гукі мазурак і паланэзаў, галасы гаспадароў і шматлікіх славутых гасцей, якія і стваралі пакрысе славу гэтаму куточку княства, пра адраджэнне якога яны ўсе і марылі.

 

Да 250-годдзе свайго славутага гаспадара Міхала Клеафаса Агінскага музейна-паркавы комплекс набыў вартасны выгляд. Урачыста адчынілася пастаянная экспазіцыя, дзе музейныя супрацоўнікі пастараліся стварыць адпаведны інтэр’ер, а прадстаўнікі творчых прафесій напоўніць пакоі і салоны мастацкім духам узнёсласці, паэзіі, музыкі.

 

Вядомы палітычны дзеяч і выдатны кампазітар, аўтар славутага паланэзу Ля-мінор, больш вядомага як “Развітанне з Радзімай”, Міхал Клеафас Агінскі пражыў у Залессі амаль 20 гадоў разам з жонкай Марыяй дэ Нэры. Тут нарадзіліся і гадаваліся чацьвёра іх дзяцей.

 

Пасяліўшыся спачатку ў старым драўляным будынку, атрыманым у спадчыну ад маладзечанскага дзядзькі Францішка Ксаверыя, Міхал Клеафас пачаў будаўніцтва сваёй новай рэзідэнцыі і стварэння палаца-паркавага ансамбля ў адпаведнасці з тагачаснымі густамі. Для палаца характэрна чаргаванне адно- і двухпавярховых аб’ёмаў.

 

Над цэнтральнай часткай узвышалася вежачка з гадзіннікам, які меў цыферблат з усіх чатырох бакоў. Дзякуючы малюнкам Аляксандра Ходзькі і Напалеона Орды мы сёння можам пераканацца, што за стагоддзі архітэктурна сядзіба істотна не змянілася. Захаваліся побач з палацам капліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі, стары стаў з невялічкім востравам, млын, а ў парку альтанка Амеліі.

 

Энтузіясты адшукалі цікавыя рарытэты: помнікі-валуны, пастаўленыя гаспадаром сядзібы ў гонар паўстанцаў Тадэўша Касцюшкі і настаўніка Жана Ралея. Значнай падзеяй для культурнага жыцця краю стала святкаванне ў адноўленым палацы 250-гадовага юбілею Міхала Клеафаса Агінскага і выступленне ў канцэртнай зале яго нашчадкаў: Зыгмунда Зялінскага і віртуознай скрыпачкі Ганны Зялінскай.

 

3. Кушляны Мацея Бурачка

Мацей Бурачок – адзін з літаратурных псеўданімаў беларускага нацыянальнага паэта Францішка Багушэвіча. Гэта яму прысвяціў паэт Рыгор Семашкевіч вершаваныя радкі:

 

На ўсю Беларусь мільён пракурораў

І толькі адзін, толькі ён адвакат.

 

Ён бараніў інтарэсы простых людзей, звычайных сялян не толькі ў судах, як адвакат па прафесіі. Францішак Багушэвіч стаў першым паэтам-дэмакратам, які ўсёй сваёй творчасцю імкнуўся будзіць нацыянальную самасвядомасць беларусаў.

 

З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы на «зямельку слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй”.

 

Кушляны – старасвецкае сямейнае гняздо Багушэвічаў. Адсюль Францішак разам з братам Валерыянам паехаў вучыцца ў Віленскую гімназію. Сюды ён, студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, вярнуўся, каб пазбегнуць рэпрэсій за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

 

Не абмінулі Кушляны падзеі паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Сядзіба стала апорным пунктам для паўстанцаў. А пасля паразы паўстання паэт мусіў на доўгі час пакінуць радзіму.

 

Толькі ў 1898 годзе ён разам з сям’ёй вяртаецца ў Кушляны, дзе будуе новы дом. Тут ён займаецца літаратурнай творчасцю, працуе над беларускім слоўнікам. Памяць пра “мужыцкага адваката” заўжды жыла ў народзе. Таму мясцовыя жахары бераглі і сядзібу.

 

Сёння тут знаходзіцца літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. А калі прайсці за капліцу па бярозавай прысадзе, то можна пабачыць яшчэ аднаго маўклівага сведку тых часоў – Камень Багушэвіча.

 

Ён знаходзіцца ва ўрочышчы Лысая гара, што непадалёк ад Кушлянаў. Ля валуна Багушэвіч сустракаўся з сябрамі, хаваў пад ім рукапісы і забароненыя публікацыі. На бакавой грані каменя сябрамі класіка беларускай літаратуры быў высечаны надпіс «PAMIECI MACIEJA BURACZKA 1900 R» (Памяці Мацея Бурачка).

 

4. Нястанішкі. Касцёл Маці Божай Добрай Рады

Каля гэтага велічнага касцёла пахаваны выдатны беларускі пісьменнік Артур Цяжкі. Пра яго гэты мой верш.

 

Да Артура Цяжкага.

 

На цвінтары касцёла Божай Маці гармонія,

якую ты шукаў,

над дрэвамі, нібыта поўсць ягняці

плывуць аблокі ў небе,

што як стаў; ставок маленькі з цёплаю вадою,

дзе так прыемна ногі памачыць

і піць тумана водар сырадойны,

і сэрца набалелае лячыць.

Але нябесны стаў такі халодны,

як шыбы мутных гарадскіх вітрын.

Што адчуваецца душы свободнай,

тваёй душы, ты ж – хутаранскі сын?

Ідылію лугоў, бароў, разораў,

гаворкі простай ў хаце за сталом,

на даматканых посцілках узоры

– пад новым небам ці знайшоў свой дом?

Перакуліўся свет, перамяніўся,

дзічэюць вёскі, вымірае люд.

Ты не прарок,

але прароцтвам збыўся

аповедаў тваіх сухі прысуд.

А што нам засталося? Водар мяты,

блакіт дажджоў, ды прыдарожны крыж,

і томік твой зачытаны, памяты,

і памяць, што заўжды прыходзіць звыш.

 

Што да касцёла, то ён не дужа старажытны – пабудаваны ў 1911 годзе ў стылі неаготыкі. А вось месца, дзе гэты храм узвышаецца, вельмі намоленае.

 

Тут былі па меншай мры два папярэднія драўляныя касцёлы. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Нястанішкаўскім храме на сродкі Матыльды Бучынскай з Гюнтараў (сястры вядомай пісьменніцы Габрыэлы Пузыны) быў узведзены алтар Святога Ізідора. У гонар Святога Ізідора ладзіцца штогод фэст.

 

Яшчэ два традыцыйныя святы тут праводзяцца ў жніўні і маі. Вядомы касцёл сваімі святынямі: драўляны крыж у цэнтры якога рэшткі праха Аўгуста Чартарыйскага і рэліквія Святога Ізідора, прывезеная з Мадрыда.

 

5. Крэва

Ні адзін турыстычны гістарычны аб’ект нашага краю не авеяны такой колькасцю легендаў і паданняў, як Крэўскі замак.

 

Можа таму, што ён самы старадаўні на гэтых землях, якія памятаюць напады крыжакоў, перакопскіх татараў і маскоўскіх ваяводаў. Пабудаваны напачатку ХІV стагоддзя поўнасцю з каменя, ён меў выныню сцен да 13 метраў, таўшчыню – да 2,5 метра.

 

У аналы гісторыі замак увайшоў пераважна дзякуючы папісанай тут у жніўні 1385 года дынастычнай уніі Польшчы і Літвы.

 

Крэўская ўнія аказала значны ўплыў на палітычнае і культурнае жыццё Вялікага княства Літоўскага. Стаўшы польскім каралём, Ягайла атрымліваў магчымасць аб’яднаць ваенную моц дзвюх дзяржаў. У Польшчы і Літвы меўся агульны вораг — Тэўтонскі ордэн, які закрываў абедзвюм краінам выхад у Балтыйскае мора і пастаянна пагражаў іх інтарэсам.

 

Аб’яднаўшы сілы, можна было б ставіць пытанне ўжо не толькі пра стрыманне агрэсіі Ордэна, але пра пераход у контрнаступ.

 

Дынастычная унія Польшчы і Літвы абяцала і зняцце застарэлага пытання аб Галіцка-Валынскай Русі.

 

Па сведчанні гісторыкаў яшчэ ў ХVIII cтагоддзі Крэўскі замак быў у добрым стане.

 

Пазней пачалося яго разбурэнне, якое давяршыла Першая сусветная вайна, калі праз Крэва праходзіла лінія фронту і больш як тры гады вяліся пазіцыйныя баі.

 

Замак апынуўся на тэрыторыі, захопленай немцамі, тут былі збудаваны сховішчы і назіральныя пункты.

 

Пад час абстрэлаў асабліва моцна пацярпела Княжацкая вежа і сцены ў паўднёвай частцы замка. Да нашых дзён захаваліся толькі замкавыя руіны.


Чытай таксама:


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Астравецкі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Ваўкавыскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Шчучынскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Мастоўскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Карэліцкі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Слонімскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Бераставіцкі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Лідскі раён