У Гродзенскім заапарку жывёлам-сімвалам 2016 года падарылі “торцік” з капусты, бананаў і часныку

 

Снягурка, якая першай выйшла да дзяцей, прапанавала разам паклікаць дзеда Мароза, але на заклікі выйшла пераапранутая Баба-Яга. Каб запэўніць, што яна і ёсць сапраўдным Дзедам, Яга заспявала песеньку пра елачку, што нарадзілася ў лесе, але елачка ў песьні зімой і летам была “бледная”, а парою воўк, сярдзіты звер, прабягаў “з казою”.

 

Баба-Яга старанна маскіравалася пад дзеда Мароза, але яе хітрыкі хутка выкрылі


Не даўшы рады пераканаць гасцей, Баба-Яга прызналася, што ўсё жыццё марыла пабыць снягуркай, і папрасілася паўдзельнічаць у свяце хаця б у сваёй ролі. Дзеці згадзіліся прыняць яе ў кампанію і не прагадалі. Яга арганізоўвала смешныя конкурсы, прапаноўвала то палятаць на мётлах, як Гары Потер, то пабіцца штучнымі снежкамі, то намаляваць навыперадкі малпу. За ўсе выпрабаванні яна разам са Снягуркай шчодра адорвала ўдзельнікаў гульняў падарункамі – цукеркамі і фірмовымі магніцікамі заапарка.

Харызматычная Баба-Яга пакарыла дзяцей. На кожную яе прапанову пагуляць адгукалася мноства ахвотных


Снегавікі таксама прыйшлі на свята са сваімі творчымі прапановамі


Да свята хутка далучыліся снегавікі і сімвал Новага года – малпа, а неўзабаве выйшаў і сам Дзед Мароз. Яго сустракалі са шчырым захапленнем і, цярэбячы за рукавы, пыталіся, ці прынясе ён пад елку чаканыя падарункі. З падарункамі дзед абяцаў прыйсці ў навагоднюю ноч, а пакуль частаваў дзетак цукеркамі за расказаныя вершыкі. Пасядзець на каленях у старога сабралася цэлая чарга.

 

“Дзед Мароз, ты не забудзеш прынесці мне навушнікі пад елачку?” – адказаў на такія пытанні стары раіў чакаць у навагоднюю ноч


Пакатацца ў вазку было многа жадаючых, але конік Маша здолела дагадзіць усім

 

 


Паўнавартаснымі ўдзельнікамі свята сталі і жывёлы заапарка. Конік катаў дзяцей ў вазку, козачка ахвотна прымала ежу проста з рук, а да малпаў усе разам пайшлі паглядзець, як тыя будуць частавацца навагоднім “торцікам”. Яго прыгатавалі са свежай садавіны і гародніны. Складалася святочная страва з капусты, яблыкаў, бананаў, цыбулі і часныку – усяго таго, што асабліва любяць мясцовыя малпы.

 

 

Малпы, дарэчы, адразу прызналі Дзеда Мароза за свайго. Як толькі ён падыходзіў да шкляной агароджы, адразу набліжаліся, хаця больш нікому такой ласкі не рабілі.

 

Па сканчэнні свята можна было паназіраць за сімваламі надыходзячага года ў больш спакойных абставінах, і ўпэўнцца, што яны насамрэч вельмі падобныя да людзей. А яшчэ – папрасіць у звяркоў падтрымкі на бліжэйшы год, што будзе ісці пад знакам чырвонай малпы.

 

 

 

Чытай больш:

 

У драмтэатры прайшла дабрачынная елка для соцень маленькіх гарадзенцаў

 

 Танцавалі, спявалі і калядавалі па-беларуску: на “Мова Нанова Гародня” адзначылі святы і сышлі на канікулы

 

Гурт Vuraj прывёз у Гродна сапраўдную калядную казку (ВІДЭА)

 

Гарадзенскія лютэране сабраліся ў кірсе ў ноч перад Раством