Футбольны “Нёман” у міжсезонні: страты і набыцці, зборы ў Гродне і праца з заўзятарамі

|

Якія планы ў “Нёмана” на бліжэйшы час?

 

– Зараз каманда на 90% ужо ўкамплектавана, але ёсць невялікія нюансы, якія ў бліжэйшы час мы хочам вырашыць. На перыяд міжсезоння ў нас пакуль запланавана тры зборы – два з іх у Гродне. Што тычыцца трэцяга, то там будзем глядзець па фінансах.


Ці гатовы горад прадаставіць камандзе спецыяльныя ўмовы для падрыхтоўкі да сезону?

 

– Паколькі каманда не можа сабе дазволіць замежных паездак, мы будзем праводзіць зборы ў санаторыі “Нёман-72”. Выдатная цана і добрыя ўмовы, тое што нам трэба ў цяперашнім становішчы. Калі параўноўваць з леташнім зборам у Лідзе, то Гродна практычна нічым не саступае. У Лідзе толькі трохі лепш спартыўная база. А так цэннік у Гродне нашмат танней – практычна на 50%.


З кім “Нёман” правядзе матчы ў міжсезонні?

 

– Каманда згуляе каля шасці матчаў. Раскрываць спіс супернікаў пакуль не хацелася б, але дакладна магу сказаць, што згуляем у Брэсце з “Гранітам”. На дадзены момант гэтымі пытаннямі займаецца трэнерскі штаб, ім лепш відаць, з кім і калі праводзіць матчы.


Што скажаце па цяперашнім складзе?

 

– Зараз такі час, што з гульцамі не заўсёды атрымліваюцца добрыя размовы. Нехта ў пошуку новай каманды, і ўмовы, якія мы прапануем, не заўсёды гульцоў задавальняюць. А што тычыцца падпісання, то гэта таксама заўсёды цяжка, для гэтага патрэбна вялікая праца. Што тычыцца першага трансферу Васілюка, то ім сталі займацца яшчэ ў снежні 2015 года. Мы сустрэліся і прыйшлі да рашэння, што Раман будзе гуляць у Гродне. Нядаўна падпісалі Васькова, ён яшчэ некалькі дзён таму быў без клуба. У выніку ён разгледзеў нашу прапанову і падпісаў кантракт.


З цяперашнімі трансферамі не бачна, каб каманда трымалася раней узятага курсу амаладжэння. Чаму так адбываецца?

 

– Мы абяцалі, мы і выконваем. Уся наша моладзь гуляе пад дасведчанымі футбалістамі. Давайце, да прыкладу, возьмем пачатак мінулага сезону, калі ў нас гуляла практычна адна моладзь, за выключэннем некалькіх гульцоў. За сем тураў такім складам мы ўзялі толькі два ачкі. Сітуацыю трэба было неяк ратаваць, таму сталі прыцягваць у “Нёман” вопытных футбалістаў. Хачу адзначыць, што на сённяшні дзень маладому футбалісту цяжка перайсці раптоўна ў асноўны склад. Яго абавязкова трэба найграваць з такімі дасведчанымі гульцамі як Кавалёнак або Сасноўскі. Мы захавалі леташнюю каманду, магчыма яшчэ дадасца некалькі чалавек. У мінулым годзе сярэдні ўзрост нашай каманды быў 21,5 год. У гэтым годзе няхай ён будзе да 25, я не бачу тут праблемы. Вазьміце “Гомель” у мінулым сезоне, дзе гулялі маладыя і перспектыўныя хлопцы, і дзе яны апынуліся? Вось вам і вынік. Трэба рабіць усё паступова.

 

Чаму нельга было захаваць Лягчылiна?

 

– Мы прапанавалі яшчэ ў канцы 2015 года ўсім гульцам новыя кантракты. З-за фінансавага становішча прапанавалі іх на старых умовах, але таксама прасілі гульцоў упісаць тую суму, якую яны хацелі б атрымліваць. Аляксей напicаў умовы, якія, на жаль, мы не маглі пацягнуць. Ды і чалавек хацеў нешта памяняць у сваёй кар’еры, як ніяк, ён у “Нёмане” гуляў шмат гадоў. Яго ніхто не асуджае, чалавек паступіў як прафесіянал. Калі ён не зайграе ў іншай камандзе, нашы дзверы для Лягчылiна заўсёды адкрыты. Калі ўдасца захаваць Савасцьянава, то спадзяемся ён зможа заняць месца Аляксея.

 

Ці варта Васiлючаку пераходзіць у “Крылы Саветаў”, калі паступіць такая прапанова?

 

– Адназначна варта. Калі ёсць магчымасць, то трэба даваць гульцу развівацца. Я ў распранальні часта кажу хлопцам, што калі ёсць прапановы, дзе прапануюць лепшыя ўмовы чым у “Нёмане”, то значыць трэба пераходзіць. Кожны хоча зарабляць і не павінен выпускаць свайго шанцу. Што тычыцца Улада, то ён перспектыўны хлопец, але трэнерскі штаб бачыць у ролі асноўнага футбаліста Сяргея Курганскага. Калі Васiлючак пяройдзе ў “Крылы”, то ў нас будуць яшчэ два маладыя галкіперы.

 

Што чуваць з Паўлам Савіцкім?

 

– Не лепшы час цяпер у яго, ён аднаўляецца пасля траўмы. Мы прапанавалі Паўлу новы кантракт, але ён яшчэ не падпісаны. Тыя ўмовы, якія прапаноўваў “Шахцёр” былі невыгаднымі для нас. І цяпер ёсць шэраг каманд, якія цікавяцца Савіцкім, але канкрэтных прапаноў яшчэ не было.


Можа ёсць якія-небудзь навіны па Бебе?

 

– Асабіста я з ім на кантакт не выходзіў, але калі ён ад’язджаў, мы яму прапанавалі кантракт на старых умовах. Ён бы хацеў у нас гуляць, але яго клуб, якому ён належыць, выставіў за яго вельмі вялікую суму арэнды. Калі ў яго атрымаецца вырашыць гэта пытанне, то мы яго чакаем у камандзе.


Як у гэтым годзе вы збіраецеся прыцягваць заўзятараў на трыбуну?

 

– Заўзятараў трэба прыцягваць у першую чаргу добрай гульнёй. Будзе гульня, будуць і людзі. Таксама будзем спрабаваць праводзіць розныя рэкламныя акцыі, каб не закранаць бюджэт клуба. Магчыма, будзе і шэраг зніжак. Хутка будзем разглядаць пытанне аб бясплатным уваходзе на футбол для пенсіянераў. У мінулым годзе вольны ўваход быў для дзяцей і жанчын, а вось праца са студэнтамі цалкам правалілася. Наганяць натоўп на футбол прымусова не хочацца. Патрэбныя людзі, якія будуць цікавiцца футболам. Мы гэта разумеем, і будзем рабіць усё магчымае, каб прыцягнуць гэтых людзей. Але вырашальны фактар ​​- сама гульня.

 

Фота Леаніда Шчаглова