Кінавідэапракат прыслухаўся да гарадзенцаў: “Дэдпул” пакажуць у трох кінатэатрах горада

|

Нагадаем, магчымая адмена пракату доўгачаканай стужкі выклікала бурную рэакцыю ў Вконтакте. Гарадзенцы не маглі зразумець, чаму стужка будзе ісці ва ўсіх абласцях акрамя іхнай.

 

Аднак раніцай 5 лютага кіраўніцтва Гроднааблкінавідэапраката паведаміла, што пра забарону стужкі ніхто нават не думаў. Праз некалькі гадзін “Дэдпул” вярнуўся ў афішу кіно.

 

Тым часам “Твой стыль” даведаўся ў гарадзенцаў, чаму фільм усё ж варта паказваць і як бы яны засмуціліся без “Дэдпула” (адказы на пытанні даваліся, калі яшчэ не было вядома, як вырашыцца гісторыя).

 

Валерыя

– Мне незразумела наогул з-за чаго яго могуць адмяніць. Любая прычына будзе дурная. Я ўжо пачала думаць, што можа гэта зрабілі кінатэатры спецыяльна для піяру і пусцілі “качку” ​​для павелічэння продажаў. Я і мой малады чалавек любім коміксы і ходзім на любыя фільмы зробленыя паводле іх.

“Дэдпул” – вар’ят, які непадобны ні на каго, натуральна мы яго чакалі, а паколькі сеансы выпадалі яшчэ і на 14 лютага, то з нецярпеннем чакалі продажу квіткоў. Мне здаецца, у кінавідэапракаце баяліся, што непаўнагадовыя таксама змогуць убачыць гэты фільм. Але ж калі дзеці захочуць, то і без кінатэатра паглядзяць. Няхай ставяць на ўваходзе супрацоўнікаў і правяраюць пашпарты. І наогул, гледачоў такія пытанні  не павінны хваляваць. Мы плацім грошы за фільм, які хочам паглядзець. У мінулым годзе быў фільм “50 адценняў шэрага”, дык думкі не было пра забарону.


Аляксей

– Я фільм вельмі чакаў, бо з’яўляюся вялікім фанатам “Дэдпула”, чытаў шмат коміксаў пра яго, ведаю яго біяграфію, таму навіна аб экранізацыі мяне вельмі ўзрадавала. Людзі, якія былі на прэс-паказах, хвалілі фільм, і гэта яшчэ больш падагравала цікавасць. Літаральна ўчора я даведаўся, што ў маім горадзе плануюць забараніць паказ. Я быў вельмі засмучаны, а яшчэ больш таму, што ў іншых гарадах Беларусі фільм будзе ісці. Я не разумею прычыну гэтага. Фанатаў коміксаў у нашым горадзе даволі шмат. Я магу зразумець калі фільм ім падаўся пахабным і занадта жорсткім, але людзі якія пойдуць на гэты фільм выдатна разумеюць чаго варта чакаць ад стужкі.


Тома

– Я вельмі знервуюся калі адменяць фільм. Я чакала прэм’еры “Дэдпула” з лета. Вельмі падабаецца комікс і сам антыгерой. Хацелася патрапіць на гэты фільм у сваім любімым горадзе. Шмат хто кажа, што маюць намер забараніць з-за нерэнтабельнасці паказу, бо рэйтынг фільма 18+. Ну, гэта проста смешна. У горадзе жыве шмат моладзі, якая з радасцю схадзіла б, у тым ліку дзяўчыны.


Павел

– Як і многія аматары коміксаў я чакаю гэты фільм. У Расiі ўжо быў перадпаказ “Дэдпула” – па водгуках гэта адзін з лепшых фільмаў у гісторыі экранізацыі коміксаў. Даведаўшыся, што ў Гродне яго збіраюцца не пускаць у пракат, я быў засмучаны і здзіўлены. Калі не пакажуць, то з сябрамі давядзецца ехаць у іншы горад. Але вельмі спадзяюся, што ўсё вырашыцца станоўча і мы зможам паглядзець фільм у сябе.

 

Юлія

– Я не лічу нармальным, што ў 2016-м годзе я не магу паглядзець у сваім горадзе фільм, які так доўга чакала. Упэўнена, што гарадзенцы з вялікім жаданнем наведалі б кінатэатры. Асабліва крыўдна, што кіраўніцтва кінатэатраў нават не знайшло часу адказаць на нашы пытанні, мой водгук на сайце kinogrodno.by таксама застаўся па-за ўвагай. З боку людзей, якім мы плацім свае грошы, гэта проста хамства.

Можа ўся гэтая сітуацыя паслужыць прыкладам і наступным разам прадстаўнікі пракату будуць прыслухоўвацца да меркавання гледачоў больш, чым да свайго.