Малпачка-лапундзер з гродзенскага заапарка сам абраў сабе імя
Маладога самца макакі лапундзера прывезлі ў Гродна з Масквы. Амаль два тыдні новы гадаванец асвойваўся ў заапарку, дзе ён і будзе далей жыць. Маленькага гадаванца акружылі клопатам і любоўю: кармілі толькі адборнай садавінай, насілі на руках і нават звязалі яму вопратку. Вядома, агульны ўлюбёнец не мог заставацца безыменным.
Супрацоўнікі гродзенскага звярынца вырашылі, што імя для малога выберуць наведвальнікі. Для гэтага была ўстаноўлена спецыяльная скрынка, куды ўсе жадаючыя маглі кінуць свае варыянты. Гродзенцы сур’ёзна падышлі да гэтага пытання – за некалькі дзён прапанаваных імёнаў апынулася каля двухсот.
У апошні дзень зімы, 29 лютага, імёны адсартавалі, адбракавалі абразлівыя і недарэчныя. А потым прапанавалі малпачцы самой зрабіць канчатковы выбар. Малюк доўга не вагаўся і ўпэўнена схапіў паперку, на якой было напісана “Оскар”.
Той, хто прыдумаў імя для Оскара, атрымае прыз – Дыплом ганаровых мамы ці таты, запрашальнік у заапарк і фота з гадаванцам на памяць.
Дарэчы, у кафэ “Пелікан”, якое працуе каля заапарка, з сённяшняга дня ў меню з’явіўся новы дэсерт, зроблены з любімага ласунку малпы – бананаў. Пачастунак ад Оскара зможа паспрабаваць любы жадаючы.