Беларуская АЭС: эканамічная бомба запаволенага дзеяння?
Беларускі ўрад разважае, што рабіць з прафіцытам электраэнергіі, які ўтварыцца пасля здачы ў эксплуатацыю Астравецкай АЭС у 2020 годзе. Лішкі, паводле ацэнак, складуць каля 14 мільярдаў кВт/г. Мінск спадзяваўся прадаваць іх у суседнія Літву і Польшчу. Але праз чатыры гады краіны Балтыі і Польшча плануюць падлучыцца да энергетычнай сістэмы ЕС і выйсці з сінхроннага рэжыму працы з дзеючай энергасістэмай БРЭЛЛ, у якую яны цяпер уваходзяць разам з Беларуссю і Расіяй. 8 сакавіка дэпутаты Сейма Літвы ў чарговы раз заявілі, што не будуць заахвочваць куплю электраэнергіі з Астравецкай АЭС, якая, на іх думку, будуецца з рознымі парушэннямі.
Па распараджэнні прэм’ер-міністра Беларусі спецыяльная рабочая група з 14 чыноўнікаў займаецца “выпрацоўкай прапаноў па эфектыўнай інтэграцыі Беларускай АЭС у аб’яднаную энергетычную сістэму” яшчэ з верасня мінулага года. Апытаныя DW спецыялісты сцвярджаюць, што тэхналагічная перабудова Астравецкай АЭС для спажывання лішкаў электраэнергіі абыйдзецца ў дадатковыя мільярды долараў і значна павялічыць яе сабекошт. Пры гэтым, па словах экспертаў, улады ў Мінску аддаюць перавагу таму, каб наогул не абмяркоўваць, ува што ўжо ў хуткім часе дадаткова да бягучых выдаткаў абыдуцца перапрацоўка адпрацаванага ядзернага паліва і утылізацыя радыёактыўных адходаў.
Атамны крэдыт: як расійскі алігарх багацее на будаўніцтве БелАЭС
Начное жыццё
Электраэнергію з АЭС у Астраўцы прадаваць няма каму і яе прафіцыт паўстане ў краіне ўжо у 2018 годзе – пасля ўводу ў эксплуатацыю першага блока магутнасцю 1,2 мегават, патлумачыў DW выканаўчы дырэктар беларускай асацыяцыі “Аднаўляльная энергетыка” Уладзімір Нісцюк. А ў 2020 годзе, пры планавым выхадзе АЭС на поўную магутнасць, па афіцыйных дадзеных, будзе выпрацавана 39,9 млрд кВт/г электраэнергіі – гэта каля 40 працэнтаў ад агульнага штогадовага спажывання ў краіне.
Эксперт бачыць дзве праблемы, звязаныя з уводам у строй беларускай двухрэактарнай атамнай станцыі. “Па-першае, цэнтралізацыя вытворчасці вялікіх аб’ёмаў электраэнергіі ў выпадку непрадбачаных абставін можа прывесці да энергетычнага калапсу. Па-другое, лішак энергіі ў начны час, калі яна выкарыстоўваецца ў меншых аб’ёмах, а станцыя працуе ў пастаянным рэжыме, змушае перабудоўваць многія тэхналагічныя працэсы менавіта пад электрычнасць”, – заявіў Нісцюк у гутарцы з DW.
Прыйдзецца замяняць цеплавозы на электравозы, электрыфікаваць усю сістэму чыгункі, змяняць графік руху на начны, перакладаць прадпрыемствы на працу ў начныя змены, уводзіць дыферэнцыраваныя тарыфы, каб стымуляваць спажыванне электраэнергіі ў начны час. А таксама будаваць магутныя электракацельныя, а наяўныя газавыя абсталяваць электрычнымі катламі, пералічвае эксперт мерапрыемствы, якія будуць спрыяць рацыянальнаму выкарыстанню лішкаў электраэнергіі. І на гэта, па яго словах, патрэбныя вялікія грошы.
На Нёман і Вілію БелАЭС не паўплывае: намеснік міністра энергетыкі даў інтэрв’ю для Lietuvos Rytas
Сітуацыю сур’ёзна ўскладняе тое, што ў Беларусі няма гідраакумулятарных станцый, у якіх ноччу вада электрапомпай падымалася б і скідваюць б за плаціну ў вадасховішчы, а ўдзень гэтая ж вада круціла б турбіны, выпрацоўваючы энергію. Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк яшчэ тры гады таму заяўляў, што ўзводзіць такія станцыі не дазваляюць геаграфічныя ўмовы.
“Але нават калі наважыцца на будаўніцтва і будаваць штучныя вадаёмы з гідраакумулятарнымі станцыямі, гэта разам з усім астатнім абыйдзецца ў мільярды долараў”, – адзначыў Нісьцюк. І дадаў, што да таго ж запампаваць у рэзервуары вялікія аб’ёмы вады будзе праблематычна, бо рэкі Беларусі – Нёман, Дзвіна, Бярэзіна – за апошнія гады рэзка змялелі.
Цана атамнага кілавата
“У прынцыпе прафіцыт энергіі ёсць і сёння, бо многія беларускія прадпрыемствы перайшлі на чатырохдзённы рэжым працы, а некаторыя сталі банкрутамі”, – падкрэсліў Уладзімір Нісцюк. На яго думку, праект АЭС у Астраўцы, які першапачаткова задумваўся прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам як эканамічна выгадны, цяпер стварае сур’ёзныя эканамічныя праблемы.
Тым больш, што сітуацыя ў энергетычнай сферы змянілася, сусветныя цэны на энерганосьбіты ўпалі, і гэтая тэндэнцыя захоўваецца. Напрыклад, мазут, выраблены на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах, стала нават выгадней выкарыстоўваць у кацельнях замест газу. “Можна меркаваць, што сабекошт 1 кВт/г атамнай энергіі з улікам выканання ўсіх планаў па ўжыванні лішкаў, а таксама вяртання Расеі 10 млрд долараў крэдыту, будзе высокі, хоць улады так і не назвалі канкрэтную лічбу”, – канстатуе Нісьцюк.
Міхаіл Міхадзюк, са свайго боку, паказвае, што Астравецкая АЭС дазволіць Беларусі штогод замяшчаць каля 5 млрд кубаметраў прыроднага газу. Акрамя таго, паменшыцца сабекошт вырабленай у краіне электраэнергіі.
Міжнародная супольнасць абмяркуе прагрэс у вырашэнні пытання пра АЭС у Астраўцы
Пра што не любяць казаць улады
“Атамная энергетыка – гэта эканамічная бомба запаволенага дзеяння, таму што вялікая частка выдаткаў застаецца за кадрам”, – адзначае ўкраінскі эксперт Мікалай Карпан. Ён працаваў намеснікам галоўнага інжынера па навуцы і ядзернай бяспекі Чарнобыльскай АЭС у 1979-86 гадах, быў у ліку ліквідатараў аварыі і з’яўляецца аўтарам кніг “Чарнобыль – помста мірнага атаму” і “Ад Чарнобыля да Фукусімы”.
Паводле яго слоў, праца АЭС – не толькі вытворчасць электраэнергіі, але і аплата за перапрацоўку адпрацаванага паліва (АЯП) і ўтылізацыю радыёактыўных адходаў. У эканоміку атамнай энергетыкі праца з АЯП не ўваходзіць, пасля пяці гадоў захоўвання ў спецыяльных басейнах з вадой яно перадаецца краіне-пастаўшчыку паліва, у беларускім і ўкраінскім выпадках – гэта Расія, якая абавязаная яго перапрацаваць. Але ўжо праз 20-25 гадоў закапсуліраваныя і запячатаныя кантэйнеры вернуцца ў тую краіну, дзе гэта паліва спалілі, распавёў Карпан у інтэрв’ю DW.
“Так, Украіна ўжо зараз пастаўлена перад фактам – аплаціць буйны штраф або прыняць такія кантэйнеры. Але захоўваць іх няма дзе”, – заўважыў спецыяліст. І нагадаў, што ЗША для будаўніцтва сховішча перапрацаванага АЯП у шахтах на глыбіні 600 метраў выдаткавалі каля 5 млрд долараў. “Расходы на ўтылізацыю абяскровяць любую эканоміку, таму грамадству павінна давацца поўная інфармацыя, ува што выльецца эксплуатацыя АЭС”, – мяркуе Мікалай Карпан.
А Уладзімір Нісьцюк упэўнены, што праблемы вакол АЭС у Астраўцы назапасіліся, таму што “дзяржава не жадае прыслухоўвацца да рэкамендацый незалежных экспертаў, давяраючы выкананне задач толькі чыноўнікам”. І паколькі да ўвядзення ў строй першай чаргі атамнай станцыі засталося ўсяго два гады, а найважнейшыя пытанні так і не вырашаны, “запуск рэактара варта адкласці”, – падвёў вынік Нісьцюк.