На “Азоце” аварыя? Не, але гарадзенцы на ўсялякі выпадак панікуюць
“У сувязі з распаўсюджваннем інфармацыі пра нібыта адбыўшыся на “Гродна Азот” выкід шкодных рэчываў, інфармуем, што 16 чэрвеня з 9.00 у цэху азотнай кіслаты і вадкіх азотных угнаенняў праводзіліся планавыя тэхнічныя працы”, – патлумачылі ў прэс-службе прадпрыемства.
У выніку прац часткова спынілася абсталяванне (без спынення працы цэха), а таксама ўтварылася загазаванасць памяшканняў, якія правентылявалі. На “Азоце” запэўнілі, што ні на тэрыторыі прадпрыемства, ні на суседніх тэрыторыях не зафіксавана перавышэнне дапушчальнай канцэнтрацыі шкодных рэчываў. Абсталяванне працуе ў штатным рэжыме, пагрозы навакольнаму асяроддзю, жыццю і здароўю рабочых і жыхароў горада няма.
У прэс-службе МНС таксама пацвердзілі, што “Гродна Азот” працуе ў штатным рэжыме, у службу “101” не было выклікаў і выратавальнікі не выязджалі.
Пакуль не было афіцыйнага каментарыя, гарадзенцы пачалі дзейнічаць па праверанай схеме: бацькі званілі адзін адному і ў дзіцячыя садкі, казалі закрываць вокны і не выпускаць дзяцей на вуліцу. Некаторыя казалі што, нібыта, узарваўся аміячны цэх. Па адной версіі воблака пайшло на Путрышкі, па другой – на Скідзель. У гарадскіх установах таксама вырашылі перастрахавацца і пазакрываць вокны.
Толькі без панікі! Што рабіць, калі на “Азоце” здарыцца аварыя?
Гарадзенцы вельмі хвалююцца з-за любых навін пра “Азот”, які ў горадзе лічыцца вельмі небяспечным прадпрыемствам. Зусім нядаўна там адбылася аварыя на якой загінулі два супрацоўнікі. Тады афіцыйнага каментарыя прыйшлося чакаць доўга. Па факце здарэння распачалі крымінальную справу. Праз нейкі час польскія і літоўскія эксперты пацвердзілі, што аварыя не мела ўплыву на навакольнае асяроддзе.
Фота ілюстрацыйнае з архіву ТС