Вандроўка па Старым Гродне. Частка XXV. Вайсковыя лагеры
Фатаграфаваць казармы, відавочна, было строга забаронена. Няцяжка было загрымець у вязню ў якасці нямецкага шпіёна. Таму царскіх фотаздымкаў казармаў на сучасных вуліцах Чырвонаармейскай-Захарава-Шчорса не засталося. А вось вайсковыя лагеры фоткаць дазвалялася.
Спачатку лагеры, дзе салдаты жылі з траўня па верасень кожнага года, месціліся ў раёне вуліц Перамогі-Гая, каля самай чыгункі. Там да нядаўняга часу стаяла прыгожая казарма той пары, якую зруйнавалі ў 2013 годзе. Там наведваў салдат імператар Аляксандар ІІ, размяшчаўся вялікі плац.
Прыкладна з 1896 года летнія лагеры перанеслі на наднёманскія тэрасы вышэй па цячэнні – у лесапарк Румлёва. Пра Румлёва мы ведаем, што спачатку гэта месца належала гродзенскаму маршалку Ігнацію Ляхніцкаму, пасля Румелям (адсюль Румлёва), Сарасекам… З 1864 г. Румлёва распараджалася Францішка Відацкая – маці пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Пісьменніца, калі ўступіла ў валоданне Румлёва, прадала яго генералу Васількоўскаму, а той здаў яго вайскоўцам пад лагеры.
Такім чынам усе гэтыя фота тычацца перыяда 1897 – 1914 гг. Лета праводзілі тут салдаты 26-й дывізіі, у якую ўваходзілі 4 пяхотныя палкі і адна артылерыйская брыгада. Тры палкі – 101, 102 і 103-ці акурат знаходзіліся ў Румлёва.
Гэта вельмі немалая колькасць жаўнераў – прыкладна 5–7 тысяч чалавек. Акурат як мы можам бачыць на адной з паштовак. Лагер быў добра прастасаваны для жыцця. Тут размяшчаліся не толькі салдацкія палаткі, але і баракі для халастых афіцэраў, домікі для сямейных. Была і ўласная палкавая царква, будынак якой размяшчаўся прыкладна на месцы цяперашняга дома па праспекце Янкі Купалы, 34, а найбольш прадстаўнічая, афіцыйная частка лагера размяшчался ў чатырохкутніку вуліц Фамічова-Гая-Янкі Купалы і Нёмана. Салдацкія лагеры ж цягнуліся праз усё Румлёва аж да вёскі Салы, дзе можна было перасекчы Нёман на пароме.
Адзін з рускіх афіцэраў успамінаў, што недалёка ад гэтага парома ўпершыню пабачыў аўтамабіль. Гэта быў ужо згадваны намі ў адной з першых частак апавядання Форд князя Друцкага-Любецкага. Аўтамабль не змог узняцца ў горку ад парома і яго выцягваў узвод салдат. На месцы гэтага парому царскія ўлады акурат і хацелі пабудаваць першы мост праз Нёман, але пасля пратэстаў гарадзенцаў узвялі яго ў цэнтры горада.
Але і на гэтым месцы паўстаў мост. Пабудавалі яго ўжо ў 1930-х гг., калі тут знаходзіліся лагеры польскіх войскаў. Румлёўскі мост (усяго ў 200 метрах ад сучаснага моста) прастаяў ці то да 1941 ці тое нават да 1944 года.
Жыццё салдат ніколі не было лёгкім. Асабліва не было яно лёгкім у вялікай імперыі, якая бясконца вяла імперыялістычныя войны ад Чорнага мора да Ціхага акіяна. Хто з гэтых многіх салдат, што выгіналіся перад царскімі генераламі на гімнастыцы ў гарадзенскіх лагерах, дажыў хаця б да 1920 года, нам невядома, але ясна, што было іх не так і шмат, і што ўспаміналі яны гарадзенскія лагеры як час зацішша перад вялікай навальніцай.
Ранейшыя часткі “Вандроўкі па старым Гродне” можна паглядзець дзякуючы нашай мапе, а таксама па спасылках ніжэй