Забытыя мясціны Гродна. Школа павівальных бабак, якую “з’еў” Гроднаэнерга
Павівальныя бабкі карысталіся ў ранейшыя часы асаблівай павагай. Яны быццам мелі асаблівую сувязь з Богам, бо першымі прымалі ў гэтым свеце нованароджанага чалавека і маглі нешта сказаць пра будучы лёс. Яна таксама былі адзінымі жанчынамі, якім было дазволена хрысціць немаўлят: калі было бачна, што дзіцёнак можа хутка памерці, менавіта павівальная бабка забяспечвала малому месца сярод анёлаў.
Аднак паступова праца павівальных бабак клалася на нейкую навуковую аснову. У 1874 г. улады Гродна вырашылі заснаваць спецыяльную павівальную школу з двухгадовым курсам навучання і спецыяльным аддзяленнем, дзе маглі знаходзіцца да шасці рожаніц.
Школа адчыніла свае дзверы 1 кастрычніка 1876 г. Яна знаходзілася ў вялікім аднапавярховым драўляным будынку ў глыбіні цяперашняй вуліцы Будзёнага на скрыжаванні з вуліцай Студэнцкай. Школа мела ўласны сад, агародзік і месца, дзе вырошчваліся лекавыя травы.
Выгляд школы на плане 1932 г. Вышэй гродзенская электрастанцыя
Школа павівальных бабак у 1882 г
На вучобу ў школу бралі толькі бедных вясковых жанчын ад 18 да 30 гадоў. Тым, хто паспяхова скончыў навучанне, давалі пасведчанне вясковай павівальнай бабкі і скрыню з інструментамі, коштам у 35 рублёў. Вучаніцы павівальнай школы жылі тут на поўным дзяржаўным забеспячэнні.
Павівальная школа была другой пасля Медыцынскай акадэміі Жылібера сур’ёзнай медыцынскай навучальнай установай Гродна. Тут навучалі акушэрству, анатоміі, фізіялогіі. Навучанне было практычным, паколькі вучаніцы прысутнічалі пры родах пацыентак школы (адна пацыентка нават нарадзіла тройню, у якой дзве дзяўчынкі былі сіямскімі блізнятамі).
Фельчарска-акушэрская школа, 1940-я гг.
Школа існавала з перапынкамі аж да 1949 года, калі было прынята рашэнне пра пашырэнне гродзенскай электрастанцыі. Тады быў зачынены выезд з вуліцы Будзёнага на Студэнцкую і апошняя стала тупіком. Праз некалькі гадоў школу знеслі, а на яе месцы паўстаў будынак адміністрацыі Гроднаэнерга.
Сёння старую драўляную школу ўжо не адбудуеш, але і электрастанцыі даўно няма. Здаецца, самы час адкрыць Студэнцкую вуліцу для пешаходаў. Дайсці ад універсітэта да перона чыгуначнага вакзала можна будзе максімум за пяць хвілін!
На першым фота: школа з 1940-я гады
Чытайце таксама:
Забытыя мясціны Гродна: Дом Баркоўскага – дзекабрыста і царскага генерала
Бальніца з каларытам: як вар’яты ў Гродне жылі па суседству з губернатарам
Забытыя будынкі Гродна: карчма, якую знеслі для аблвыканкама
Забытыя будынкі Гродна. Тартак “Лес”, які нагадваў замак ды знік бясследна
Забытыя мясціны Гродна: дом, ад якога засталася толькі рыбка
Забытыя мясціны Гродна: вуліца Кляшторная, якую “дабіў” Дом быту
Кармяліцкая камяніца. Гарадзенскі дом, які ніхто не намаляваў
Кася і Бася – расійская і нямецкая сёстры ў самай высокай кропцы Гродна
Гарадзенскія львы: гісторыя і сучаснасць