Забытыя мясціны Гродна. Лепшы шпіталь у горадзе, які пустуе ў чаканні рамонту

Чыгуначнікі ў Савецкім Саюзе складалі своеасаблівую, досыць прывілеяваную касту. Яны мелі высокія (у савецкім маштабе) заробкі, уласную карпаратыўную культуру – нават на першамай хадзілі з уласным аркестрам ды асобнай калонай, ды прыватныя клінікі і бальніцы. Мала хто ведае, але нават дзве вялікія жылыя вежы на прывакзальнай плошчы Мінска былі пачаткова заселены чыгуначнікамі, колькасць якіх у 1990-х даходзіла да 120 тысяч чалавек.

 

У Гродне чыгуначнікі мелі ўласныя бальніцу і паліклініку, якія размяшаліся на вуліцы Будзёнага. Але да Другой сусветнай вайны гродзенская чыгуначная бальніца была яўрэйскім шпіталём, які ў свой час лічыўся найлепшай лячэбнай установай горада.

 

 

Шпіталь быў пабудаваны ў 1868–1871 гг. (на ягоным фасадзе стаяла дата 1869) і пачаткова быў разлічаны на шэсцьдзясят ложкаў. Тут працавала тры аддзяленні: інфекцыйнае, унутраных хвароб і хірургічнае, а ў перыяд руска-турэцкай вайны 1877–1878 гг. была яшчэ і палата для параненых салдат.

 

 

Штатны персанал з’явіўся ў шпіталі толькі пасля яго пашырэння ў 1886 г. Усяго працавалі два ўрачы і два фельчары. Адным з першых урачоў-ардынатараў стаў выпускнік Кіеўскага ўніверсітэта Генах Замкоўскі (1852–1932). З 1857 па 1882 гг. нязменным старшынёй праўлення шпіталя быў гродзенскі купец Б. Ашкеназі, які асігнаваў на дабрачыннасць значную суму з уласных даходаў.

 

 

У 1914 г. – 97-ы запасны вайсковы шпіталь. У 1915–1918 гг. яўрэйскі шпіталь быў вывезены, а на яго базе працаваў агульнагарадскі шпіталь, але нейкі час будынак быў заняты нямецкімі медыкамі, ад якіх засталіся вельмі цікавыя здымкі. У пачатку 1919 г. па дамове паміж магістратам і праўленнем яўрэйскай гміны шпіталь вярнуў статус асобнага яўрэйскага. Шпіталь валодаў водалячэбніцай у Друскеніках, аптэкай і амбулаторыяй для хадзячых хворых.

 

 

Пасля ліквідацыі чыгуначнай бальніцы ў канцы 1990-х гг. тут некаторы час знаходзілася неўралагічнае аддзяленне гродзенскай абласной бальніцы. Цяпер шпіталь пустуе і хаця новую частку пустога будынка нядаўна адрамантавалі і ўцяплілі, на стары аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны ніхто не звяртае ўвагі. Праблемы тыя самыя – забітыя зліўнікі, вада, якая сцякае па сценах, і ў выніку грыбок, які імкліва з’ядае фасад будынка.

 

 

Без рамонту былая бальніца на Васілька можа хутка ператварыцца ў руіны

 

У канцы 2015 г. было канчаткова вырашана, што ў 2016 годзе ў будынак былой чыгуначнай бальніцы абавязкова пераедзе кожна-венералагічны дыспансэр з вуліцы Васілька. Але відавочна, што перад пераездам стары будынак шпіталя прыдзецца істотна падрамантаваць.

 

Чытайце таксама:

 

Забытыя мясціны Гродна. “Кесонны” мост у канцы Брыгіцкай вуліцы

 

Забытыя мясціны Гродна. Школа павівальных бабак, якую “з’еў” Гроднаэнерга


Забытыя мясціны Гродна: Дом Баркоўскага – дзекабрыста і царскага генерала

 

Бальніца з каларытам: як вар’яты ў Гродне жылі па суседству з губернатарам

 

Забытыя будынкі Гродна: карчма, якую знеслі для аблвыканкама

 

Забытыя будынкі Гродна. Тартак “Лес”, які нагадваў замак ды знік бясследна

 

Забытыя мясціны Гродна: дом, ад якога засталася толькі рыбка

 

Забытыя мясціны Гродна: вуліца Кляшторная, якую “дабіў” Дом быту

 

Кармяліцкая камяніца. Гарадзенскі дом, які ніхто не намаляваў

 

Кася і Бася – расійская і нямецкая сёстры ў самай высокай кропцы Гродна

 

Гарадзенскія львы: гісторыя і сучаснасць

 

У пошуках страчанага: Шляхецкі дворык у цэнтры Гродна