Са старых каталіцкіх могілак у Гродне масава сталі знікаць металічныя помнікі і агароджы

Пра тое, што на старых каталіцкіх могілках масава сталі знікаць агароджы і металічныя помнікі, загаварылі яшчэ ў пачатку гэтага года. Паколькі вартаўніка і камер на могілках няма, красці метал злодзеям ніхто не замінае.


Толькі за апошні месяц настаяцель каталіцкай капліцы ксёндз Яўген заўважыў, што на могілках было дэмантавана два помнікі і некалькі агароджаў.


“Мы ўжо даўно змагаемся, каб улады звярнулі ўвагу на нашы могілкi. Каб нарэшце гэта гістарычнае месца зрабілі мемарыяльным комплексам. Нас выслухоўваюць, але нічога не робяць”.


Фэст экскурсаводаў 2016: У Гродне прайшла экскурсія па самых старых могілках краіны


 

Існуе шэраг праблем, па якіх могілкі не могуць унесці ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў: па-першае, на могілках яшчэ хаваюць людзей, па-другое, у горадзе няма грошай на рэканструкцыю старых пахаванняў.


“Яшчэ пры мэры Антоненку нам неяк дапамагалі – зрабілі дарожку з пліткі, паставілі платы і пачалі спілоўваць аварыйныя дрэвы. Бо яшчэ раней такія дрэвы маглі спакойна зваліцца на стары помнік і разбіць яго. Дапамагло нам і польскае консульства, якое аднавіла каля 100 помнікаў. ЖКГ таксама падлучалася i не пакiдала нас у бядзе. Але гэтага ўсяго мала, каб захаваць усе старыя пахаванні. Сёння я і некалькі прыхаджанак не ў сілах дагледзець усе могілкі”.

 

Каб спыніць вандалізм на старых пахаваннях, ксёндз Яўген хоча дамагчыся таго, каб па перыметры могілак размясцілі камеры відэаназірання.

 

У Гродне выдалі мапу-буклет старых могілак (+ глядзі анлайн-мапу!)

 

Старыя каталіцкія могілкі з вышыні птушынага палёту


“I ў нашыя часы ёсць такія людзі, якія не толькі крадуць крыжы, помнікi i агароджы, але і ўскрыць старую магілу. Ужо прайшло столькі гадоў і на гэтых пахаваннях нічога не засталося, але знаходзяцца тыя, хто ўсё роўна нешта шукае. З гэтым трэба неяк змагацца. Магчыма, з дапамогай камер мы зможам вырашыць гэтае пытанне”.

 

Работнік ваенных могілак Яўген, які часта бывае на старых каталіцкіх пахаваннях, за некалькі гадоў ужо вывучыў магілы і час ад часу заўважае знікненні.


“Актыўна сталі красці з пачатку гэтага года. Прыходзяць вечарам ці ноччу – нарыхтоўваюць патрэбны ім метал, калі трэба пілуюць, а ўжо бліжэй да раніцы цягнуць на сваіх вазках у пункты прыёму. Такога раней не было, гэта зараз нешта з людзьмі адбылося, што яны замахнуліся нават на могілкi. Калі раней толькі агароджы бралі, то зараз і помнікі і крыжы могуць панесці”.


align=”” width=”725″ height=”544″ >

Так агароджа могілак рыхтуецца да чарговага выкрадання. Каб гэта здзейсніць злодзею трэба некалькі дзён

 

Работнік могілак спрабаваў пагутарыць з людзьмі, якія цягнуць метал з пахаванняў, але тыя лезлі біцца ды даказвалі, што іх сыравіна зусім з іншага месца.


“Адны і тыя ж асобы. Сустрэнеш іх не часта, але яны ёсць. Мы доўга пісалі ў міліцыю, нарэшце прыйшоў следчы і паабяцаў, што справа будзе рухацца”.


 

Найбліжэйшае месца, дзе злодзеі могуць збываць стары метал – нарыхтоўчы пункт другаснай сыравiны па вуліцы Вялікай Траецкай. Супрацоўніца пункту прыёму ад каментароў адмовілася, а кіроўца, які штодня вывозіць метал, распавёў, што за апошнi час яму нічога з могілак не трапляла.


“Прывозяць ўсё, часам цяжка адрозніць, што за метал і адкуль ён. У супрацоўнікаў пунктаў ёсць прынцып: розныя сучасныя агароджы і краты ніхто не бярэ, тым больш метал з могілак. Але ёсць людзі, якія ўсё так распілоўваюць, што цяжка вызначыць, адкуль узялася гэтая сыравіна”.

 

Кузаў машыны, якая збіраецца з’язджаць з пунку нарыхтоўкі сыравіны

 

Ксёндз Яўген хоча верыць, што з-за гэтых праблем гарадскія ўлады ўсё ж звернуць увагу на старыя могілкі і зоймуцца іх аховай і рэканструкцыяй.