Гарачыя прапановы халодных напояў. Сем спосабаў наталіць смагу і ахалодзіцца ў Гродне летам

|

Халодныя напоі выдатна дапаўняюць спякотнае надвор’е, яркія колеры і духмяныя водары лета. У гарадзенскіх кавярнях ёсць мноства адпаведных надвор’ю і настрою “ледзяных” прапановаў на любы густ і гаманец.


Як гарадзенцам перажыць спёку і насалоджвацца летам? Карысныя парады з гіфкамі

 

Кактэйлі ў “Basta Pasta”

 

У піцэрыі “Basta Pasta” можна знайсці кактэйлі з сумесі сокаў, сіропаў і лёду з фруктова-ягаднымі ўпрыгожваннямі. Самае складанае – выбраць, каторы пакаштаваць проста зараз.

 

 

Цана: 5 рублёў

Адрас “Basta Pasta”: вул. Пабеды, 35. Ёсць вялікая адкрытая пляцоўка, па вечарах – музыка.

 

 

Халодныя напоі ў “Нашай каве”

 

У “Нашай каве” можна пакашталаць некалькі напояў, што спалучаюць каву з халоднымі дадаткамі – лёдам ці марозівам. Гэтым разам спрабуем той, што складаецца з не перамяшаных кавы і “Швэпса” – два кшталты горычы цікава спалучаюцца ў гэтым напоі. Ён бадзёрыць і ахалоджвае адначасова.

 

 

Цэны халодных напояў у кавярні: каля 2,5 рублёў

Адрас “Нашай кавы”: вул. Замкавая, 11. Ёсць летняя тэраса.

 

Летнія пляцоўкі ў цэнтры Гродна. Дзе выпіць каву пад адкрытым небам?

 

 

Піна калада ў “Раскошы”

 

У “Раскошы” наш выбар выпаў на Піна Каладу. Пераважае ў кактэйлі салодкі смак какоса. Вялікая шклянка кактэйлю з лёдам і саломкай дадуць магчымасць смачнай прахалоды.

 

 

Цэны халодных напояў: 3,0-3,5 рублі

Адрас “Раскошы”: вул. Савецкая, 7. Ёсць дзве тэрасы – пры галоўным уваходзе на ходніку Савецкай і з тыльнага боку кавярні, з відам на вуліцу Кірава і турму.

 

 

Кактэйль на аснове морса ў “Шэкспіры”

 

З меню тэатральнай кавярні “Шэкспір” выбралі халодны кактэйль на аснове морса са свежымі замарожанымі ягадамі і лёдам. Сакавіты смак і прыгожы колер не падманулі чаканняў.

 

 

Цэны халодных напояў: 2-2,5 рублі

Адрас: будынак Тэатра лялек, вул. Дзяржынскага 1/1. Ёсць адкрытая тэраса. Днём у выходныя тут можна бясплатна пагуляць у настолкі, вечарам – паглядзець кінакласіку.

 

 

Вялікая шклянка кактэйля ў “Я”

 

Кавярня “Я” прапануе халодныя напоі, што спалучаюць фруктовае пюрэ, сокі і колаты лёд. Кактэйль змешваеца ў шэйкеры і  падаецца ў вялікай шклянцы.

 

 

Цэны халодных напояў: 3-3,5 рублі

Адрас: вул. Савецкая, 5. Ёсць пара столікаў звонку, перад уваходам, на ходніку.

 

 

Кактэйль са смакам махіта ў “Хані-Кабані”

 

Шпацыр у Пышках можна дапоўніць візітам у грыль-бар “Хані-Кабані”. Тут спрабуем кактэйль са смакам махіта. Свежая мята, вялікі кавалак лайма, газаваны “Спрайт” і лёд  цалкам адпавядаюць летняму настою і дораць паўгадзіны свечай прахалоды.

 

 

Цэны халодных напояў: каля 3 – 5 рублёў

Адрас: будынак інстытута біяхіміі, БЛК, 50. Ёсць вялікая тэраса пад тэнтам.

 

 

Фрэш у Еўраопце

 

Калі смага застане пад час закупаў у гіпермаркеце Еўраопт па вуліцы Дубко, 17, наталіць яе дапамогуць свежаадціснутыя сокі. Прапануюць сок з яблыкаў, морквы, апельсінў, салеры, а таксама іх спалучэнні.

 

 

Цана порцыі соку каля 2 рублёў. Пасля 20.00 дзейнічае зніжка 15 %.

Сокавы бар знаходзіцца ў цэнтры гандлёвай залі. Прыемным дадаткам да напою будзе беларускамоўны сервіс.

 

Дзе паснедаць у Гродне? Вывучаем ранішнія прапановы кавярняў горада