Вандроўка па Старым Гродне. Частка XVIII. Каложа

|

Гэтую паштоўку можна досыць дакладна датаваць 1910-мі гадамі, паколькі на схіле Каложскай гары бачны ўжо цэлы малады лясок – ён вырас тут пасля аднаўлення паўднёвай сцяны храма з дрэва і падсыпкі гары ў 1897 годзе. За гарой, дарэчы, добра бачны пясчаны кар’ер (там цяпер лесвіца на Каложу) з якога бралі пясок для ўмацавання схіла.

 

Здымак зроблены яўна ў пачатку лета – вада ў Нёмaне вельмі высокая. Няма ні водмеляў ні камяністых берагоў. На пярэднім плане хаткі гарадзенскіх рыбакоў, іх нават у тыя часы яшчэ называлі калажанамі.

 

Далей – ніжэй па цячэнні – бачна купка дрэваў перад цяперашнім Новым мостам. Гэта рэшткі сада нейкай сядзібы, якую можна бачыць на картах пачатку ХІХ стагоддзя.

 

Цягам усяго ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя Стары Замак быў вайсковай тэрыторыяй. Нават сёння са схіле Замкавай гары тырчыць бетонны слупок з напісам па-польску “вайсковы абшар”. Таму галоўнымі наведвальнікамі гары былі расійскія афіцэры, адлюстраваныя на здымку.

 

Драўляны плоцік абмяжоўваў прыгожую назіральную пляцоўку, якой, дарэчы сказаць, на замках і сёння няма. За цяперашнім Новым мостам ідзе тады зусім голы высокі правы бераг Нёмана.

 

Гэта бадай самая каштоўная паштоўка нашай сённяшняй вандроўкі. Нездарма яе столькі разоў перадрукоўвалі ў наступныя гады і перадрукоўваюць дасюль.

 

Бачым Каложу, прыаздобленую расійскімі сцягамі з нагоды нейкага свята. Пад храмам на Нёмане самая цікавая выява нёманскай віціны – найбольш традыцыйнага для нашай ракі у ХІХ ст. карабля. Велізарны раздуты ветрам ветразь, што дазваляла караблю плыць супраць цячэння… І гляньце, які вялікі сам карабель – параўнаць можна са звычайнай лодкай, якую ён цягне каля сябе. Нездарма на такіх віцінах гарадзенцы і наагул беларусы даплывалі аж да Каралеўца – сучаснага Калінінграда.

 

Гродна на здымку выглядае таксама так як ніколі пасля. Па-першае мы бачым вежу Фары Вітаўта, яшчэ не перабудаванай па пажары 1892 г. Выява трохкутнага фасада старой гарадзенскай сінагогі таксама да перабудовы пасля 1900 г. абсалютна ўнікальная. Здымкаў сінагогі да перабудовы болей на засталося. Перад Фарай Вітаўта і сінагогай былыя каралеўскія стайні. Здымак, такім чынам, зроблены яшчэ да 1885 года.

 

Здымкі напаўразбуранага храма на Каложы, зробленыя яшчэ ў тыя часы, калі эпоха паштовак толькі пачыналася. Па паштоўках вельмі добра бачна, як спрабавалі ратаваць храм у 1860-70-х гг. Зрабілі сценку з бутавага камня пад самай разбуранай сценкай і крыху выбрукавалі схіл каля самой ракі. Усе гэтыя канструкцыі храму не памаглі і ён зноў часткова разбурыўся ў 1880-х гг. (у Нёман абрынуліся рэшткі паўднёвай апсіды).

 

Да 1897 г. расійскія ўлады нарэшце рэалізавалі праект, які планавалі вельмі даўно. Спачатку хацелі аднавіць схіл Каложскай гары і сам храм, але вядомы расійскіх архітэктар Пакрышкін, які атрымаў прапанову адбудаваць Каложу, адмовіўся да гэтага, бо не мог уявіць як дакладна выглядаў храм у ХІІ стагоддзі.

 

Тады заняліся толькі гарой. Яе вельмі моцна падсыпалі, выбраўшы зямлю з раўчука крыху ніжэй па цячэнні. Далей гара была цалкам выбрукавана і закладзена дзёрнам. Сам храм аднавілі з дрэва, што найболей яскрава падкрэсліла старую і новую часткі. Акурат тады Каложа пачала выгладаць так, як выглядае і цяпер.

 

Звернем таксама ўвагу на прыстань лодак гродзенскіх рыбакоў, дамкі якіх добра відаць на гары. Гэта так званыя чайкі – чоўны з дошчак з высока ўзнятымі насамі.

 

На двух апошніх паштоўках можна бачыць Каложу на фоне імправізаванай параходнай прыстані амаль насупраць храма. Гэтая прыстань не была спецыяльна абсталяваная, але выкарыстоўвалася вельмі доўга, нават у міжваенныя гады.

 

Хутчэй за ўсё тут разгружаліся параходы, якія выконвалі грузавыя перавозкі, магчыма звязаныя з працай лесапільнага завода Ландау, які быў непадалёк. Дарэчы вялікае бярвенне і штабелі з меншых таксама добра бачныя на гэтых здымках.

 

Калі прыгледзецца на паштоўку з параходам на першым плане, то можна пабачыць, што Каложа акурат знаходзіцца ў прамежкавай фазе рэканструкцыі: ужо пабудавана драўляная сцяна, але падпоркі з камянёў і ўмацавання схілу няма. Таму датаваць здымак можна прыкладна сярэдзінай 1890-х гг.

 

Здымкі Яна Лялевіча


Ранейшыя часткі “Вандроўкі па старым Гродне” можна паглядзець дзякуючы нашай мапе, а таксама па спасылках ніжэй

     
 

Папярэднія выпускі “Вандроўкі па старым Гродне”

 

Частка І: чыгуначны вакзал

Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка

Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор

Частка ІV. Домік Элізы Ажэшкі і Марыінская гімназія

Частка V. Гарадская пошта

Частка VI. Швейцарская даліна

Частка VII. Плошча Тызенгаўза

Частка VIII. Ад Губернатарскай плошчы да вуліцы Ажэшкі

Частка ІХ. У пачатку вуліцы Савецкай

Частка Х. Ад гімназіі да Саборнай плошчы

Частка ХІ. На старым Рынку

Частка ХІІ. Каталіцкая Катэдра

Частка ХІІІ. Па Купецкай і Банкавай

Частка ХІV. Ад Аляксандраўскай Слабады да Кургана

Частка XV. Сенны рынак, вуліцы Баніфратарская і Кляшторная

Частка XVI. Вуліца Замкавая

Частка XVII. Сінагога, Школьны двор, даліна Гараднічанкі