Вандроўка па Старым Гродне. Частка ХІХ. Замкі з боку Нёмана

|

Гэтая паштоўка зроблена з Каложы паводле здымка сярэдзіны 1890-х гг. Бачым, што новай апорнай сценкі яшчэ не існуе, а толькі рэшткі падпоркі 1860-х гг. Стары Замак таксама не мае высокага трэцяга паверха-мезаніна ў сярэдняй частцы.

 

Самае цікавае, на што мы звернем увагу – гэта вялізарны пясчана-жвіровы нанос, які існуе на месцы ўпадзення Гараднічанкі ў Нёман. Не будзем таксама забывацца, што Гараднічанка многія стагоддзі была галоўным каналізацыйным сцёкам досыць вялікага горада і таму выносіла ў Нёман вельмі шмат рознага мулу.

 

Здымак зроблены пасля 1900 года хутчэй за ўсё ў канцы лета. Узровень вады ў Нёмане дастаткова нізкі (паглядзіце, як ён падымаўся вясной на наступным здымку). Па ўсім беразе складзеныя вялізныя штабелі дроваў, якія да сярэдзіны мінулага стагоддзя фарміравалі краявід нёманскага ўзбярэжжа. Гэта хутчэй за ўсё тыя дровы, якія гарадзенцы лодкамі і большымі караблікамі прывозілі ў горад на продаж. Апалу патрабавалася вельмі шмат.

 

Разглядаючы гэтую паштоўку можна зрабіць кароткі экскурс у геалагічную гісторыю. Гісторыкі і археолагі кажуць, што старадаўні Гродна паўстаў на Замкавай Гары на самым сутоку Гараднічанкі і Нёмана. І толькі ў пазнейшых стагоддзях хвалі ракі пачалі падмываць схілы і замкавай і каложскай гораў.

 

Між тым на гравюры Цюнта-Адэльгаўзера бачна, што ні Каложы ні Замкам нічога не пагражала нават у XVI ст. – праз чатырыста гадоў пасля пабудовы. Зыходзячы з гэтага можна дапусціць, што ў тыя часы Нёман ішоў іншым рэчышчам – з другога боку вострава (цяпер паўвострава) каля рачнога порту. Менавіта таму і ў XVIII ст. плёс, дзе цяпер знаходзіцца вуліца Чырвонапартызанская, быў незабудаваны.

 

Калісці (не так даўно) рэчышча Нёмана змянілася і пачало вельмі хутка літаральна год за годам змываць замак і Каложу. Пры чым найбольш дасталося менавіта Каложы, бо плынь вады накіравался менавіта на яе. Таму значная частка гарадскога Падола, мабыць, сёння знаходзіцца ў Нёмане.

 

Тут жа мы бачым карціну канца ХІХ стагоддзя, калі муры замка ўжо віселі над вадой, а гарадзенцы выходзілі са сваіх хат проста ў лодкі на беразе. Дарэчы, можна разгледзець будаўнічыя рыштаванні на Старым Замку – акурат узводзяць надбудову-мезанін.

 

На лодцы пад ветразем. Досыць дзіўны занятак, але гледзячы па ўсім быў папулярны сярод працоўнага люду. Размалёўваючы фота мастак яўна крыху сказіў рэчаіснасць, бо дахі замка і сялянскіх дамоў тады ўжо не мелі чырвонага дахоўкавага колеру. Колер быў у пакрытага бляхай замка цёмны, а хаты былі крытыя шэрай дранкай.

 

Паглядзім злева ад Замкавай гары. Акурат заканчваецца будаўніцтва абноўленага Сафійскага сабора – Фары Вітаўта. Перад ёй муры летняга вайсковага шпіталя, а раней муры каралеўскіх стайняў, што згарэлі ў 1885 годзе. На беразе нават некалькі лодак з ветразямі. Можа ладзілі спаборніцтвы і можа каталі багацейшых гараджан за грошы?

 

Два будынкі на пярэднім плане знеслі яшчэ ў 1930-х гг., а вось будынак злева дажыў аж да 2006 года і шмат хто яго яшчэ памятае. Над будынкамі на самой гары – знакамітая альтанка, у якой пасля акупацыі горада ў 1915 г. фатаграфаваліся ўжо нямецкія афіцэры. Цяпер на гэтым месцы няма нават скамейкі, але аматары добра падпіць пад класны краявід забрыдаюць на месца былой альтанкі і зараз.

 

Узбярэжжа ракі сто гадоў таму. І пад старым і пад новым замкамі мноства хат, да якіх найпрасцей было дабраца пры дапамозе лодкі. Нармальны бераг пачынаўся толькі ў раёне неіснуючай цяпер вуліцы Прачачнай, па якой можна было выйсці ў горад. Удалечыні бачныя коміны бровара і непакрыты дах казармаў на Маставой.

 

Паштоўка зробленая пасля 1908 г. – ужо пабудаваны Стары мост. Гледзячы па ўсім, жвіровае вусце Гараднічанкі было ў тыя часы імправізаванай плошчай, дзе збіраліся парамантаваць свае чоўны і пагаварыць жыхары ўзбярэжжа. Тут жа пралі вопратку. Адным словам, сапраўдныя “Людзі на Нёмане”, уласная субкультура. Нездарма так любіла гарадзенскіх рыбакоў і вылучала іх сярод іншых гарадзенцаў Эліза Ажэшка.

 

У цэнтры гэтага здымку каралеўскі Новы замак. Гісторыкі даўнавата ламаюць галаву – што за маякі прыбудаваныя да будынка. Па адной з версій гэта ацяпляльныя трубы, аднак хутчэй за ўсё гэта… вентыляцыйныя шахты туалетаў. У шпіталі ляжалі таксама хворыя на розныя інфекцыі салдаты, а ў 1831 годзе была вельмі моцная эпідэмія халеры. Тады і ўзвялі гэтыя “вежы”, каб абараніць жаўнераў ад “міязмаў”.

 

Здымак зроблены амаль з таго самага месца і ўсяго на некалькі гадоў пазней. “Вежаў” ужо няма, але вакол вайсковай тэрыторыі шпіталя той самы плот. Можна вельмі добра разгледзець забудову Падола, а таксама часткова і Занёмання. Усе будынкі пад Новым замкам знеслі яўчэ ў 1920-х гг. калі будавалі падпорную сценку, а два будынкі на самым пярэднім плане стаялі аж да сярэдзіны 1930-х гг., пакуль не пачалася будоўля так званай “Лесвіцы закаханых”.

 

Здымкі Яна Лялевіча


Ранейшыя часткі “Вандроўкі па старым Гродне” можна паглядзець дзякуючы нашай мапе, а таксама па спасылках ніжэй

     
 

Папярэднія выпускі “Вандроўкі па старым Гродне”

 

Частка І: чыгуначны вакзал

Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка

Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор

Частка ІV. Домік Элізы Ажэшкі і Марыінская гімназія

Частка V. Гарадская пошта

Частка VI. Швейцарская даліна

Частка VII. Плошча Тызенгаўза

Частка VIII. Ад Губернатарскай плошчы да вуліцы Ажэшкі

Частка ІХ. У пачатку вуліцы Савецкай

Частка Х. Ад гімназіі да Саборнай плошчы

Частка ХІ. На старым Рынку

Частка ХІІ. Каталіцкая Катэдра

Частка ХІІІ. Па Купецкай і Банкавай

Частка ХІV. Ад Аляксандраўскай Слабады да Кургана

Частка XV. Сенны рынак, вуліцы Баніфратарская і Кляшторная

Частка XVI. Вуліца Замкавая

Частка XVII. Сінагога, Школьны двор, даліна Гараднічанкі

Частка XVIII. Каложа