Вандроўка па Старым Гродне. Частка ХХ. Новы Замак з таго боку Нёмана
На гэтай старой паштоўцы цікавы таксама і другі план (замкі і тое, што за імі), але найцікавейшы ўсё ж такі план пярэдні. Мы бачым досыць вялікае возера, якое ўтварылася пасля запруджання крыніцы, што да сённяшняга дня выцякае з пагорка каля францішканскага касцёла. Белы будынак каля запруды – гэта так званы кармеліцкі млын. Гэта зусім не малы будынак, асабліва калі параўнаць яго з людзмі на беразе запруды. Гэты гістарычны млын у такім самым выглядзе можна бачыць на малюнку Напалеона Орды 1860-х гг.
А вось тут пераключымся на другі план. Найперш звярніце ўвагу на бачную таксама і на папярэднім здымку драўляную пажарную вежу, якая выстае з-за Новага Замку. На яе месцы ў 1901 г. паўстала сучасная вежа. Таксама добра бачна былая каралеўская капліца за Новым Замкам, прыкладна там дзе цяпер упраўленне ЖКГ. Пасля вайны будынак капліцы так і не аднавілі. І вежа згарэўшай у 1892 г. Фары Вітаўта каля самага манастыра Раства Багародзіцы…
Усё тыя ж “маякі” на Новым Замку, якія былі вентыляцыяй вайсковых нужнікоў і пра якія мы ўжо распавядалі ў мінулай частцы. Пад левым ужо бачная прамоіна якая ў сярэдзіне 1920-х гг. дала страшэнны вопаўзень і пасля чаго ўзвялі існуючую дасюль падпорную сценку Новага Замку.
Цікавае фота з паромнай пераправай і плытом з бярвення, на якім знаходзіцца шалаш. Пераправа тут існавала не так доўга і выкарыстоўвалася мабыць не столькі для праезду, колькі для патрэбаў тартака, які паўстаў на месцы былога млына кармелітаў. Плытам будуць перавозіць будаўнічыя матэрыялы – дошкі або бярвенні.
На гэтым досыць звычайным здымку найбольшую ўвагу звяртае грабное кола нейкага дзіўнага судна, якое, на вялікі жаль, не трапіла ў кадр цалкам. Гэта яўна не катамаран, бо кола мае прывад, але і дзіўная схема размяшчэння для гарадзенскага парахода ў якіх грабныя колы зазвычай знаходзілся па бартах.
Гэты здымак крыху маладзейшы, зроблены незадоўга да Першай сусветнай вайны. Бачыце ўжо перабудаваную на псеўдарускі лад Фару Вітаўта. Найцікавей тут праглядаецца пралёт вуліцы Пральнай (або Пральнага завулка), які ад пераправы зварочваў уверх да Новага Замка і манастыра. Злева ад завулка магутны двухпавярховы дом Бадылькесаў – уласнікаў паравой пральні ад якой і пайшла назва завулка. Дома даўно няма, а пральня захавался. Цяпер гэта адзіны офісны будынак у тым раёне насупраць карчмы.
На паштоўцы каралева Нёмана – віціна. Вы ўжо бачылі яе з разгорнутым ветразем, а цяпер гляньце, як яна ўладкавана. Пры чым гэта далёка не самы вялікі карабель і зараз яго яўна рыхтуюць у нейкі недалёкі рэйс. Але ўсё як трэба – з маштай і экіпажам. Людзі літаральна жылі на такіх віцінах, даплываючы на іх да Кёнінгсберга. Збоку некалькі велізарных плытоў дрэва, якія таксама гналі да Балтыкі. Такі плот абслугоўвалі як правіла чатыры чалавекі, што ўвесь час жылі на вадзе – бачыце, шалаш на плоце. Ды і працы не пазайздросціш – небяспечная і нездаровая. Але затое можна было прыстойна зарабіць і пабачыць свет. Наздарма віціннікі і плытагоны лічыліся асаблівымі зухамі-хлопцамі.
Віціну мы разгледзелі і цяпер можна кінуць вокам на горад – перабудаваныя Фару Вітаўта і Барысаглебскі манастыр (былыя бернардынкі), бровар – адзін з былых флагманаў тагачаснай гарадзенскай прамысловасці.
Цудоўны раён горада – стары Падол, які абавязкова трэба аднавіць менавіта такім, які ён ёсць на гэтай паштоўцы. Паўстане цікавая блытаніна вулічак з офісамі, рэстаранамі і гатэлямі. І можа некалі нам з левага берага адчыніцца такі самы від як на гэтай старой паштоўцы.
Здымкі Яна Лялевіча
Ранейшыя часткі “Вандроўкі па старым Гродне” можна паглядзець дзякуючы нашай мапе, а таксама па спасылках ніжэй