Вандроўка па Старым Гродне. Частка ХХІІ. Калі Стары Мост быў Новым…

|

Але нават за сто гадоў гісторыі памянялася вельмі шмат і ёсць пра што распавесці.

 

Класічная панарама з гарадзенскімі мастамі. Чыгуначны мост, стары мост і на пярэднім плане гарадзенская лодка-“чайка”. Пра масты мы яшчэ раскажам, давайце зараз дапоўнім нашыя веды пра гэтыя “чайкі”.

 

Такіх лодак на Нёмане ўжо не пабачым, хаця ў пачатку 2000-х імі яшчэ карысталіся некалькі жыхароў вёскі Пышкі. Гэта пласкадонкі, барты якіх рабіліся з адной дошкі, шырынёй 12 дзюймаў (каля 30 см.). На носе і на карме ў лодак заўсёды было спецыяльнае ўзвышэнне ў палову дошкі – высокі нос, абабіты жалезам. Ну і канешне ветразь, які вы ўжо бачылі.

 

Гэтая паштоўка каштоўная найперш цікавай выявай старой занёманскай сінагогі і малітоўнага дома каля яе, пабудаванага ў ХІХ ст. Абодва будынкі згарэлі ў чэрвені 1941 г. Цікавая і назва паштоўкі – “Новы мост”.

 

Гродзенскі Стары мост быў пабудаваны ў 1908 г., але замацаваўся ў свядомасці і гарадской прасторы толькі пасля 1949 года. Бо ўзарвалі яго ў 1915 г., адбудавалі ў 1930, ізноў узарвалі ў 1944 г. і пасля ізноў аднавілі толькі праз пяць гадоў.

 

Будаўніцтва моста доўга адкладавалася і калі было прынятае рашэнне пра яго ўзвядзенне, то аказалася, што ваеннае ведамства Расійскай імперыі хоча пабудаваць яго ў Румлёва, каб зручней было з казармаў на Аляксандраўскай слабодцы ездзіць у вайсковыя лагеры і там займацца сваімі вайсковымі справамі.

 

Гарадзенцы абурыліся, што іх інтарэсы зусім не ўлічваюцца, і пасля доўгіх развагаў мост пабудавалі ў цэнтры горада, але таксама паміж дзвюма казармамі – на Маставой і былым Кармеліцкім кляштарам. Мост адразу вельмі спадабаўся гарадзенцам. Не аўтамабільны (бо машына ў Гродне была толькі адна), а гужавы, ён адразу напоўніўся вазамі і пешаходамі.

 

А вось і тыя вайскоўцы. Трохцалёўкі 26-й артылерыйскай брыгады едуць на вучэнні. Калі Гродна быў заняты ў 1915 г. немцамі, гэтую паштоўку перадрукавалі з подпісам “рускія войскі адступаюць з Гродна”. Ага, толькі адступаюць у той бок, адкуль акурат наступалі немцы.

 

З гэтых дзвюх фотак можна скласці харошую панараму Гродна пачатку ХХ стагоддзя. Прыгожыя краявіды, дамы з жывымі людзьмі. Ні дамы, ні людзі не ведаюць, колькі пакут прынясе ім ХХ стагоддзе.

 

Тут нагода найперш пагаварыць пра тагачасную назву маста. Вы ўжо бачылі, што называўся ён Новым мостам, а на паштоўках ёсць яшчэ назва гарадскі мост. Справа і злева перад пачаткам парэнчаў вы бачыце чорныя пліты, на якіх было напісана, што мост гэты называўся Аляксандраўскі. А вось у многіх паперах таго часу ён фігураваў як Мікалаеўскі. Такім чынам называлі яго да 1915 года ў гонар абодвух цароў і малога Аляксея.

 

Паштоўка гэтая цудоўная. Ліхтароў, вялікіх газавых, было вельмі няшмат. Гарадзенцы спакойна хадзілі пасярэдзіне маста, хаця збольшага стараліся трымацца на ходніках. У той час калі мужчыны парыліся ў форменым адзенні, жанчыны нават самага сярэдняга дастатку хадзілі з парасонамі.

 

Па-першае, звярніце ўвагу на гімназістаў у форме ў лодцы. Часам складваецца такое ўражанне, калі разглядаеш старыя паштоўкі, што гімназісты з нашага горада не вучыліся, а толькі плавалі па Нёмане.

 

Сам мост бачны тут арыгінальна. Апоры-“быка”, які выходзіць з вады, сёння няма. Яго ўзарвалі ў 1944 годзе немцы і аднавілі толькі праз чатыры гады (перад тым прыйшлося даўзрываць рэшту). Парэнчы маста захаваліся дасюль. З іх зроблена… агароджа парка Жылібера. Іх толькі крыху адлакавалі.

 

І да канструкцыі можна прыгледзецца. Бачна, што хаця знешне ён і падобны на сучасны, але металічныя канструкцыі кляпаныя.

 

Гарадзенцы любілі сабрацца на мосце і паглядзець, як плывуць платы. А платы ішлі па высокай вадзе ў красавіку-траўні, адляжаўшы зіму на беразе Нёмана ў Ябланова. А пілавалі іх у Белавежскай пушчы і іншых лясах Гарадзеншчыны.

 

Звярніце таксама ўвагу на акуратную драўляную забудову Леванаберажнай. Вуліца гэтая была куды важнейшая, чым зараз, бо многія транспартныя сродкі паварочвалі на яе – цэнтар жа занёманскай часткі Гродна быў каля цяперашняга басейна “Лазурны”.

 

Здымкі Яна Лялевіча


Ранейшыя часткі “Вандроўкі па старым Гродне” можна паглядзець дзякуючы нашай мапе, а таксама па спасылках ніжэй

     
 

Папярэднія выпускі “Вандроўкі па старым Гродне”

 

Частка І: чыгуначны вакзал

Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка

Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор

Частка ІV. Домік Элізы Ажэшкі і Марыінская гімназія

Частка V. Гарадская пошта

Частка VI. Швейцарская даліна

Частка VII. Плошча Тызенгаўза

Частка VIII. Ад Губернатарскай плошчы да вуліцы Ажэшкі

Частка ІХ. У пачатку вуліцы Савецкай

Частка Х. Ад гімназіі да Саборнай плошчы

Частка ХІ. На старым Рынку

Частка ХІІ. Каталіцкая Катэдра

Частка ХІІІ. Па Купецкай і Банкавай

Частка ХІV. Ад Аляксандраўскай Слабады да Кургана

Частка XV. Сенны рынак, вуліцы Баніфратарская і Кляшторная

Частка XVI. Вуліца Замкавая

Частка XVII. Сінагога, Школьны двор, даліна Гараднічанкі

Частка XVIII. Каложа

Частка ХІХ. Замкі з боку Нёмана

Частка ХХ. Новы замак з таго боку Нёмана

Частка ХХІ. Левая ўзбярэжная і Францішканы