Вандроўка па старым Гродне. Частка ХХІV. Чыгуначны мост

|

На гэтай выяве чыгуначны мост з’яўляецца хутчэй фонам для адлюстравання багатага жыцця нашага Нёмана. Тут вам і пераправа, і аж тры параходы, што паварочваюць прама на месцы або стаяць каля прыстані. Як бачым, Нёман у тыя далёкія часы быў напоўнены жыццём больш, чым галоўныя дарогі ў ваколіцах горада. Вельмі цікава тут прасочваецца і тапаграфія – выезды ад пераправы на абодвух берагах Нёмана.

 

Як мы ўжо падкрэслівалі раней, на берагах Нёмана нам будуць заўсёды спадарожнічаць самыя разнастайныя караблі і штабелі дроваў. Тады дастаўляць іх у горад было найпрасцей акурат караблямі. Можа іх нават вазілі куды далей, бо, напрыклад, у Беластоку, з-за адсутнасці вялікай ракі, дрэва на будоўлю і абпал каштавала ў паўтары разы даражэй чым у нашым горадзе.

 

Рамантыка – старадаўнія лодкі-чайкі і жалезны сучасны мост. Хаця для гэтых паштовак ён ужо і не быў такі сучасны. Скончылі яго будаўніцтва ў першай палове 1860-х гг. і ў пачатку ХХ ст. яму было ўжо далёка за сорак.

 

На гэтай паштоўцы можна бліжэй разгледзець віціну і яе канструкцыю. Дарэчы, на фота не самы вялікі экземпляр, бо віціна магла мець да 50 метраў даўжыні і падымаць да 250 тон грузу. Тут мы бачым віціну са складзеным ветразем, нават бачны крыху якар. Таксама крытая камора гэтага карабля, мноства вяровак, ходнікі, каб падымацца на яго з грузам. Цікава толькі, што робіць на гэтым караблі жанчына ў сукенцы.

 

Белы будынак крыху за мостам з вялікай трубой – гэта адзін з нешматлікіх палацаў на Падоле, што дажылі да сённяшняга дня. Тады гэта было Аляксандраўскае рамеснае вучылішча, а цяпер ён акурат праходзіць рэканструкцыю. Добра, што дашчэнту яго не развалілі ў свой час.

 

Берагі Нёмана з самых старадаўніх часоў былі заселены вельмі густа і царскі перыяд не быў выключэннем. Нёман сапраўды даваў жыццё і далёка ад яго адыходзіць сэнсу не было. Толькі тавараў на нёманскіх прыстанях выгружалася на 700 тыс. рублёў (у той час усе фабрыкі горада выраблялі тавараў на 12 тысяч). Ужо ў міжваенны час берагі нашай ракі выкарыстоўваліся таксама актыўна, але пачалі з’яўляцца і першыя наберажныя. Нёман пачаў выконваць, скажам так, прадстаўнічыя функцыі.

 

На першым плане жылая зубудова адной з гарадзенскіх лесапілак. А на правым беразе адна з цікавых прыстаняў са складскім памяшканнем і цікавым караблём – нешта накшталт самаходнай баржы з кранам для загрузкі тавараў. За і над мастом сучасны гарадзенскі Шанхай – так любімы Элізай Ажэшкай і могілкі, дзе ў 1910 годзе знайшла супакой вялікая пісьменніца. Можа яна акурат блукала недзе па тым раёне ў пошуках новых сюжэтаў, калі фатограф зрабіў гэты здымак.

 

Ад забудовы на пярэднім плане не засталося амаль нічога – толькі некалькі атмасферных дамоў на вуліцы Шчаснага і крыху бруку – амаль за басейнам “Лазурны”. Паравоз – характэрны для пачатку ХХ стагоддзя – з вугальным тэндэрам і пасажырскімі вагонамі з трыма восямі.

 

Шматметровы чыгуначны мост з будкай наглядчыка і ўсё тое ж Аляксандраўскае вучылішча. Самае цікавае, што хаця і ў тыя часы мост быў стратэгічным аб’ектам, пад ім праходзіла дарога, па якой свабодна хадзілі людзі і ездзілі павозкі. Спецыяльна ахоўваць мост пачалі толькі ў міжваенныя гады. Ужо ў савецкі час з’явіліся ДАКі і калючы дрот.

 

Адна з самых цікавых паштовак. На ёй так званая Хлебная прыстань, цяпер Збажовая вуліца. Цягам амаль ста гадоў гэта быў важны і прамысловы і гандлёвы цэнтар горада. Тут месціліся вінакурні і бровары, тартакі і пякарні – усё, што можна было зрабіць з тавараў, што давозіліся па Нёмане. Усё гэта згарэла летам 1941 года.

 

Паравозы – сталь і пара… Гарадзенскі чыгуначны мост быў яшчэ сімвалам своеасаблівай стабільнасці эпохі ўсеагульнага прагрэсу канца ХІХ стагоддзя. У 1915 годзе яго ўзарвалі адступаючыя расейскія войскі. Немцы аднавілі восенню-зімой 1915 г. мост з дрэва, які згарэў у 1920 годзе. Ізноў чыгуначны мост аднавілі ў 1925 г. і ўзарвалі ў 1941 г. Немцы ізноў аднавілі яго і самі ж узарвалі ў час баёў 1944 года. Такім чынам сучасны мост – толькі далёкі нашчадак гэтага моста з фотаздымкаў. Але самае сумнае – што жыццё навокал моста замерла і цяпер гэта толькі нейкая гарадская ўскраіна ў цэнтры сучаснага горада.

 

Здымкі Яна Лялевіча


Ранейшыя часткі “Вандроўкі па старым Гродне” можна паглядзець дзякуючы нашай мапе, а таксама па спасылках ніжэй

     
 

Папярэднія выпускі “Вандроўкі па старым Гродне”

 

Частка І: чыгуначны вакзал

Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка

Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор

Частка ІV. Домік Элізы Ажэшкі і Марыінская гімназія

Частка V. Гарадская пошта

Частка VI. Швейцарская даліна

Частка VII. Плошча Тызенгаўза

Частка VIII. Ад Губернатарскай плошчы да вуліцы Ажэшкі

Частка ІХ. У пачатку вуліцы Савецкай

Частка Х. Ад гімназіі да Саборнай плошчы

Частка ХІ. На старым Рынку

Частка ХІІ. Каталіцкая Катэдра

Частка ХІІІ. Па Купецкай і Банкавай

Частка ХІV. Ад Аляксандраўскай Слабады да Кургана

Частка XV. Сенны рынак, вуліцы Баніфратарская і Кляшторная

Частка XVI. Вуліца Замкавая

Частка XVII. Сінагога, Школьны двор, даліна Гараднічанкі

Частка XVIII. Каложа

Частка ХІХ. Замкі з боку Нёмана

Частка ХХ. Новы замак з таго боку Нёмана

Частка ХХІ. Левая ўзбярэжная і Францішканы

Частка ХХІІ. Калі Стары Мост быў Новым…

Частка ХХІІІ. Паміж двух мастоў