Збірайце спарышы і цяжка працуйце. Чаго патрабавалі немцы ад гарадзенцаў у гады Першай сусветнай
Костачкі ад апельсіна хацелі збіраць кілаграмамі
Нямецкая ўлада, хаця і з усіх сіл старалася паказаць сваю цывілізацыйную перавагу над расійскай, насамрэч мела толькі адну задачу – выцягнуць з гараджан і вяскоўцаў для сваёй галаднаватай арміі як мага больш прадуктаў ды сыравіны.
Зразумела, што звычайны гродзенец аказваўся апошнім, аб дабрабыце каго збіраліся дбаць немцы. Каб пражыць, яму прыходзілася моцна “круціцца” ды яшчэ старацца выканаць абсурдныя на першы погляд сёння нямецкія патрабавані.
Чарга за прадуктамі па картках. Сучасная вуліца Дамініканская
Летам 1917 года згаладалыя нямецкія ўлады выдалі загад аб зборы костачак ад фруктаў з якіх збіраліся выціскаць алей. За кілаграм костачак ад сліваў ці вішняў гродзенец мог атрымаць 10 фенінгаў, а за кілаграм костачак ад лімонаў ды апельсінаў – аж 35. Наўрад ці хто меў магчымасць у тыя часы кілаграмамі есці апельсіны, ды і 10 фенінгаў за кілаграм костачак ад вішні былі настолькі мізэрнай сумай, што ахвотных да пошуку такога заробку было надта мала.
Нямецкія манеты ператварыліся ў металалом
Наогул да 1917 года нямецкія манеты настолькі абясцэніліся, што гродзенцы масава пачалі збіраць іх як… металалом. Манеты пераплаўлялі, робячы з іх патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Немцы рашуча пагражалі пераробшчыкам манет годам турмы. Пагрозаў расстрэлам тады яшчэ не практыкавалі, гэта стала звычайнай практыкай ужо ў Другую сусветную вайну.
Вельмі жорсткія правілы існавалі адносна забою жывёлы. Нават калі ў вас здох стары конь або вол, яго нельга было проста закапаць. Жывёла перавозілася ў Гродна да гарадской рэзьні, там з яе здымалі скуру. Толькі так, нічога не мусіла прапасці. Такім чынам, нават скура дохлага каня магла істотна дапамагчы перамозе германскай імператарскай арміі.
Вось такія карняплоды былі ў гады вайны за дэлікатэс
Змаганне са смярдзючымі прыбіральнямі
Мыцца можна было толькі выкарыстоўваючы шэрае нізкаякаснае мыла. Бялізна мылася толькі эрзац-парашком. Калі б вас злавілі на намыльванні сваіх нагавіц мылам, то вам пагражаў штраф памерам у тры тысячы марак. Для мыцця бялізны мылам у шпіталях трэба было атрымаць спецыяльны дазвол.
Немцы мелі выразную адчувальнасць да праблемаў санітарыі. Гродзенцы не тое, каб асабліва грэбавалі чысцінёю, але даўно прывыклі да даволі смярдзючых прыбіральняў у дварах сваіх дамоў ды брудных рынштокаў.
Нямецкія ўлады загадалі два разы на тыдзень – у аўторак і пятніцу, бяліць вулічныя рынштокі. Гэтым займаліся дворнікі. Таксама трэба было масава знішчаць мух ды камароў у дамах ды падвалах. За невыкананне ўсіх гэтых патрабаванняў пагражаў штраф.
Гэтыя загады жыхары горада неяк стрывалі, а вось да патрабавання штодзень апрацоўваць туалеты “вапнавым малаком” гродзенцы наагул паставіліся як да справы зусім дурной і непатрэбнай.
Немцы разам з польскай, нямецкай ды ідышам актыўна карысталіся беларускай мовай
З “тунеядцамі” змагаліся ўжо 100 гадоў таму
Былі і патрабаванні актуальныя, скажам так, і сёння. Запалак у карабку трэба было выпускаць як мінімум 60 (цяпер лічба як правіла не дацягвае да 40, хто не верыць, можа палічыць). Кожны сабака павінен быў мець спецыяльны жэтон і абавязкова знаходзіцца на павадку. Аднак самыя актуальныя сёння патрабаванні немцы высоўвалі да так званых “тунеядцаў”, пагражаючы ім за ляніўства штрафамі ды турмою. Нават выдалі з гэтай нагоды спецыяльны загад, які можна паглядзець ніжэй.
Аднак ніякія строгія нямецкія законы і парадкі не дапамаглі германскаму імператару перамагчы ваенную машыну краін Антанты, асабліва ЗША, якія далучыліся да вайны супраць Германіі і яе саюзнікаў вясной 1917 г. На ўспамін гродзенцам ад немцаў, пасля іх зыходу вясной 1919 г., засталіся толькі нявыкарыстаныя карткі на хлеб ды бульбу, ды кучы нікому непатрэбных жалезных манет.
Чытайце таксама:
“Последние дни Гродны”. Што пісаў расійскі карэспандэнт пра захоп горада немцамі ў 1915 годзе
“Немцы ў горадзе!” Як 100 гадоў таму кайзераўскія войскі захапілі Гродна
Гродна ў верасні 1915: горад на фотаздымах нямецкіх салдат (24 фота)
Гарадзенская крэпасць, у якой праводзілі тэхна-дыскатэкі
Гродна ў Першай сусветнай: будаўніцтва крэпасці, візіт кайзера і што пра немцаў кажуць паштоўкі
“Гута моргэн, гэр гэрманіш!” Як жыў горад у час першай нямецкай акупацыі