Чыноўніцкая калонія ў Гродне: як з’явіўся прывабны куток старога горада, які любяць чыноўнікі ўсіх часоў

У другой палове 1920-х гг., калі польская ўлада трохі замацавалася на нашых землях, перад уладамі паўстала пытанне аб забеспячэнні жытлом чыноўнікаў, настаўнікаў і ваенных, якія досыць масава ехалі ў паўночна-усходнія ваяводствы Крэсаў. Асабліва актуальным было жыллёвае пытанне ў раней невялікіх уездных гарадках, ды яшчэ і пабураных Першай сусветнай вайной.

 

align=”” alt=”Чыноўніцкая калонія Kolonia urzędnicza Grodno” width=”720″ height=”349″ > 

Раён дзе з’явілася будучая Чыноўніцкая калонія, сфатаграфаваны ў кастрычніку 1861 г. Бачым шырокую выраўняную пляцоўку, якая падсыпана за кошт зямлі, вынятай падчас капання рова для чыгункі.

 

У плане будаўніцтва надта пашанцавала Навагрудку, які стаў у Польшчы цэнтрам ваяводства – невялікага і бадай самага беднага ў краіне, але ўсё ж цэнтрам. Менавіта таму ў Навагрудку так шмат будынкаў у так званым стылі “неабарока”, які яшчэ часта называюць “дварковым стылем”. Большасць беларускіх дзяржаўных установаў у Навагрудку месцяцца ў даваенных будынках. Нешта засталося ў Лідзе, Маладзечне і Брэсце, які ў міжваенны час таксама быў ваяводскім цэнтрам.

 

Гродна цэнтрам ваяводства не быў. Ён аказаўся ў спісе гарадоў, якія эвалюцыянавалі ўніз – ад губернскай сталіцы да павятовага цэнтра. Але ў горадзе хапала вялікіх будынкаў – спадчына царскай пары, і таму капітальнага будаўніцтва ў горадзе ў міжваенны час вялі мала – павятовае аддзяленне банка (цяпер вул. Карбышава), Дом Стральца (вул. Ажэшкі), новыя будынкі тытунёвай фабрыкі…

 

Уся Чыноўніцкая калонія добра бачна на фотаздымку пачатку 1930-х гг. За будынкамі калоніі – пажарныя вежы ды так званая жандармская казарма.

 

А вось жытла не хапала. Таму і з’явіліся ў Гродне Настаўніцкая калонія (сучасныя вул. Чкалава і Асіпенкі), Паштовая калонія (Астроўскага і Горкага), Рабочая калонія (Белуша) і афіцэрскія дамы на вул. Захарава.

 

Адной з найбольш цікавых з пунтку гледжання архітэктуры стала Чыноўніцкая калонія. Яе ўзвялі ў канцы 1920-х гг. на высокай верхняй тэрасе над Нёманам у раёне чыгуначнага моста. У царскі час тут былі прыватныя землі, якія толькі перад самай Першай сусветнай вайной пачалі забудоўваць пад патрэбы Гродзенскай крэпасці.

 


Сучасны выгляд будынкаў Чыноўніцкай калоніі

 

Раён атрымаўся ўтульны – больш дзясятка стыльных двухпавярховых дамкоў, як правіла на дзве сям’і, нагадвалі сваімі калонамі ды контрфорсамі ці тое невялікія паляўнічыя рэздэнцыі апошняга караля Рэчы Паспалітай, ці тое дамы-крэпасці шляхты сярэдзіны XVII ст. Жыццёвае шчасце тых, хто пасяліўся ў гэтых дамах, было нядоўгім. На свае вочы ў верасні 1939 года ім давялося назіраць крах іх тагачаснай Другой Рэчы Паспалітай.

 

Нямецкія салдаты на чыгуначным мосце. На другім плане будынкі Чыноўніцкай калоніі

 

Былы дзіцячы садок для дзяцей з інваліднасцю. Яго “склеілі” з двух будынкаў былой Чыноўніцкай калоніі

 

Чыноўнікі любілі гэты раён горада і ў савецкі час. Праўда, дзеля большага камфорту для іх узвялі асобны элітны шматпавярховік, які атрымаў у народзе назву “Арлінае гняздо”. Жыхарам гэтага будынка цяпер, канешне, здорава, але сам ён істотна псуе панараму гістарычнага цэнтра Гродна.

 

Увайшла Чыноўніцкая калонія і ў найноўшую гісторыю Беларусі. Бо менавіта тут, па версіі следчых органаў, хаваліся ўзброеныя гранатамётам паплечнікі беларускага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, якія хацелі забіць тагачаснага старшыню гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанку. Саўчанка жыў у адным з дамоў былой Чыноўніцкай калоніі, але на момант суду над Мікалаем Аўтуховічам ужо сам быў у апале і на суд не прыехаў. Таму абсурднае абвінавачанне аб гранатамётным пакушэнні ў судзе было знята.

 

Рэканструкцыя былога дзіцячага садка пад элітнае службовае жытло

 

Меў дачыненне да Чыноўніцкай калоніі і наступны “гродзенскі губернатар” Сямён Шапіра. Апошні імпэтна працаваў над пераўтварэннем закінутага дзіцячага садка ў элітны жылы комплекс, але хутка пераехаў у Мінск. Хаця сёння частка былой Чыноўніцкай калоніі і адгароджана ад свету высокім заборам, гэтая мясцовасць дасюль працягвае заставацца адным з найбольш прывабных куточкаў старога горада. Вельмі прыдатным куточкам для вандровак і роздумаў пра час, пра людзей і пра будынкі.

 

Трошкі бачныя вынікі рэканструкцыі

 

Вось так выглядаў пачатковы праект рэканструкцыі дзіцячага садка. У новы жылы комплекс увайшлі аж тры былых чыноўніцкіх дома

 

Чытайце таксама:

 

Забытыя мясціны Гродна. Лепшы шпіталь у горадзе, які пустуе ў чаканні рамонту

 

Забытыя мясціны Гродна. “Кесонны” мост у канцы Брыгіцкай вуліцы

 

Забытыя мясціны Гродна. Школа павівальных бабак, якую “з’еў” Гроднаэнерга


Забытыя мясціны Гродна: Дом Баркоўскага – дзекабрыста і царскага генерала

 

Бальніца з каларытам: як вар’яты ў Гродне жылі па суседству з губернатарам

 

Забытыя будынкі Гродна: карчма, якую знеслі для аблвыканкама

 

Забытыя будынкі Гродна. Тартак “Лес”, які нагадваў замак ды знік бясследна

 

Забытыя мясціны Гродна: дом, ад якога засталася толькі рыбка

 

Забытыя мясціны Гродна: вуліца Кляшторная, якую “дабіў” Дом быту

 

Кармяліцкая камяніца. Гарадзенскі дом, які ніхто не намаляваў

 

Кася і Бася – расійская і нямецкая сёстры ў самай высокай кропцы Гродна

 

Гарадзенскія львы: гісторыя і сучаснасць

 

У пошуках страчанага: Шляхецкі дворык у цэнтры Гродна