Хто стане “Гаспадаром Цмокаў”? У Гродне прэзентавалі новую беларускую настолку

“Ніхто не памятае, што першым чалавек прыручыў не сабаку, не ката і не каня – першым быў цмок! Ён дапамагаў здабываць ежу і ахоўваў свайго гаспадара. А самым годным лічыўся той, хто валодаў пяццю цмокамі. Каб іх прыручыць, трэба быць хуткім, уважлівым і кемлівым”, – кажуць стваральнікі гульні.

 

Гульня разлічана на 2-4 чалавекі. У камплекце 16 жэтонаў цмокаў, 51 гульнявая картка, 1 карта пераможнага цмока, 8 картак міні-дадатку “Лавец цмокаў”. Цмокаў у гульні пяць: паветраны, наземны, водны, падземны і перамоганосны. Звычайна партыя доўжыцца каля 15-30 хвілін. Гульню ўжо паказвалі на пікніку “Мазгабойні” і дзіцячым Арт-пікніку.

 

 

– Гэта дзіцячая вясёлая гульня на ўвагу, хуткасць, рэакцыю. Для таго, каб у яе гуляць, дастаткова прачытаць правілы і сабраць некалькі чалавек, – кажа Антон Янкоўскі, кіраўнік крамы настолак “Кубік” і сябар творчай групы “А4”, якая распрацоўвала гульню. Ён лічыць, што гульня павінна спадабацца дзецям пяці-шасці гадоў, сем’ям, а таксама моладзі, бо ў яе можна гуляць нават пад келіх піва, у разняволенай атмасферы.

 

 

Каманда “А4” выдавала гульню за ўласныя сродкі. “Гаспадар цмокаў” паедзе на рынак Расіі і краін СНД. З сярэдзіны верасня гульня з’явіцца ў маскоўскіх крамах, а ў будучыні, магчыма, патрапіць у Еўропу. Таму правілы гульні напісаны на трох мовах: па-беларуску, па-руску і па-англійску.

 

 

Цягам верасня па выходных прэзентацыі гульні будуць адбывацца ў ГЦ “OldCity”. Адна або дзве прэзентацыі пройдуць у Мінску. Таксама стваральнікі плануюць паехаць на буйны фестываль настольных гульняў “Ігрокон”, які пройдзе 24-25 верасня ў Маскве.

 

Да 31 жніўня можна выйграць гульню, зрабіўшы рэпост Укантакце, або замовіць яе з 20% зніжкай.

 

 

“А4” – творчая каманда аўтараў і дызайнераў з Гродна. Яны займаюцца распрацоўкай і выданнем дзіцячых, забаўляльных, навучальных і стратэгічных настольных гульняў, у тым ліку гульняў, якія папулярызуюць беларускую культуру і мову. Рэалізаваныя праекты – “Паўстанцы” і “Мова”.

 

 

“Беларускія гульні не ўнікальныя, але па-свойму адметныя”. Другі фестываль “Игрокуб” прайшоў у Гродне