Вынікі тыдня “ТС”: паслы, ворагі ў ГрДУ, провады зімы ды нашэсце пластыкавых дзвярэй

Пачнем з афіцыйных і каляафіцыйных падзей.

 

З самай раніцы ў панядзелак 1 сакавіка па цэнтры Гродна хадзілі міліцыянты ў параднай форме. Урачыстым шэсцем і ўскладаннем вянкоў супрацоўнікі органаў унутраных спраў адзначылі 96 гадавіну стварэння беларускай міліцыі. Чытачы “Твайго стыля” змаглі пабачыць вялікі фотарэпартаж з гэтай падзеі.

 

 

У самыя апошнія дні зімы і першыя вясны ў наш горад завіталі з афіцыйнымі візітамі амбасадары Германіі і Славакіі, а таксама часова павераны ў справах ЗША ў Беларусі, які таксама наведаў і рэдакцыю “Твайго стылю” (інтэрв’ю з ім чакайце хутка на нашым сайце!).

 

Выпадкова, простае паседжанне, хоць і пашыранае, савета ГрДУ, дзякуючы Сямёну Шапіру, стала на некалькі дзён тэмай для актыўнага абмеркавання. Не толькі ў інтэрнэце, але і ў горадзе.

 

Усё таму, што старшыня Гродзенскага аблвыканкама вырашыў быць шчырым і 4 сакавіка распавёў прысутным выкладчыкам пра тое, чаму сышоў са свайго паста мінулы рэктар, аб тым, што ва ўніверсітэце выяўлена 16 чалавек, якія быццам бы заклікалі змяніць дзеючую ўладу. А яшчэ пра тое, што ён асабіста даў загад звольніць Андрэя Чарнякевіча.

 

“Твой стыль” таксама адсочваў публікацыі іншых СМІ на гэтую тэму.

 

Анджэю Пачобуту забаранілі ўдзельнічаць у акцыі, пра якую ён сам не ведаў.

 

Што за несанкцыянаваная акцыя, якая пройдзе ў Гродне 11 сакавіка, ані сам журналіст, ані афіцэр міліцыі, які ўручаў папярэджанне, не ведаюць. Засталося дачакацца панядзелка, каб даведацца, што за мерапрыемства пройдзе ў нашым горадзе. Дарэчы, студэнты ГрДУ паведамілі “Твайму стылю”, што ім таксама настойліва раілі не ўдзельнічаць у “акцыі”. І таксама не патлумачылі, што маецца на ўвазе.

 

На гэтым тыдні журналісты “Твайго стылю” не проста пацікавіліся, за што гарадзенцы дзякуюць беларускім уладам, але і цікава прадставілі гэта візуальна. Калі вы не бачылі, то варта зазірнуць.

 

 

Культурных падзеі за мінулыя дні было шмат. Пачынаючы ад масавых провадаў зімы ў Пышках, сканчаючы прэзентацыяй ілюстрацый знакамітага чэшскага мульціка “Кроцік”.

 

 

А вось культурную спадчыну ў нашым горадзе неяк не шануюць. Чаго толькі каштуюць вырубленыя дзверы ў фасадзе былога дамініканскага кляштара! “Твой стыль” вырашыў прапанаваць некалькі падказак для Упраўлення архітэктуры, якое і дае дазвол на падобныя “працы”.

 

 

І, канешне, трэба ўзгадаць, што 2 сакавіка гарадзенскай інтэрнэт-газеце “Твой стыль” споўнілася шэсць год. З чым мы сябе і вас яшчэ раз віншуем. Заставайцеся з намі! Будзе цікава.

 

Здымкі з архіву “Твайго стылю”