Горкага – вуліца, што вядзе з ХХІ ў XVIII стагоддзе

Савецкія новабуды на Горкага – гэта не такая ўжо і даўняя гісторыя. Аднак сама вуліца – былая Грандзіцкая – можа шмат пра што распавесці.

 

Новы Свет – горад, які мы страцілі за некалькі гадоў

 

Грандзіцкая пачалася ад цяперашняй плошчы Тызенгаўза і недзе з канца ХVIII ст. была галоўным выездам на тракт, які вёў у бок Вільні. Да лета 1914 года была забудаваная толькі тая частка вуліцы Грандзіцкай, якая даходзіла да скражывання з сучаснай вуліцай Астроўскага. Тут, на Залатой Горцы, пачынаўся гарадскі брук і сяляне, якія гарачым летам ішлі ў горад босыя, апраналі на ногі чаравікі і боты. Далей трэба было ўжо ісці прыстойна.

 

Будучая вуліца Горкага ў 1915 г. Злева ад дарогі прамавугольнік яўрэйскіх могілак

 

Новыя вуліцы – Каліноўскага, Рэйманта і іншыя, што прымыкалі да Грандзіцкай, з’явіліся толькі ў пачатку 1930-х гг. Гарадскія ўлады і проста гараджане выкупалі зямлю ў князёў Друцкіх-Любецкіх і Грандзіцкая хутка расла ў бок уласна Грандзіч. Да 1939 года вуліца ўжо дайшла аж да скрыжавання з сучасным Бульварам ленінскага камсамола.

 

Забудова Горкага, Даватара і Пушкіна ў 1968 г. Ужо стаіць райвыканкам але вуліцы справа яшчэ паўкругам выходзяць да Горкага

 

Улады ў той час ужо забаранялі ўзводзіць у межах Гродна аднапавярховыя дамы. Дом мусіў мець хаця б “сальку” – мансарду з адным пакоем пад дахам, якая сыходзіла за другі паверх. Таксама нельга было будаваць цалкам драўляныя дамы, мусіў быць брандмаўэр – бакавая сцяна з цэглы, якая павінна была перашкодзіць перакідванню вагню на суседнія будынкі ў выпадку пажару.

 

Адзіны ацалелы даваенны будынак на Горкага вышэй скрыжавання з Астроўскага

 

Амаль насупраць яго стаяў вельмі падобны будынак

 

Менавіта таму адрэзак Грандзіцкай ад скрыжавання з вуліцамі Каліноўскага ды Панятоўскага (цяпер Астроўскага) выглядаў вельмі каларытна. Асабнякі дзяржаўнай Паштовай калоніі (ацалеў толькі будынак натарыяльнай канторы каля кінатэатра “Космас”), драўляныя жылыя дамы з мезанінамі, канструктывістычныя асабнякі патаналі ў маладых садах ды зеляніне агародаў, з якіх уласнікі забяспечвалі сябе харчаваннем.

 

Гарадзенцы каля аднаго з дамоў, што стаялі на месцы сучаснага рэстарана Беларусь, 1950-я гг.

 

Вядзецца будоўля гасцініцы ‘Беларусь’

 

Гасцініца ‘Беларусь’ амаль дабудаваная, 1968 г.

 

1974 год. Пра старыя будынкі на Горкага застаўся толькі ўспамін. Хто ведаў, што і гасцініца праз сорак гадоў стане для горада вялікай праблемай

 

Менавіта адсюль пачалося руйнаванне забудовы ўжо савецкай вуліцы Горкага. Спачатку забудавалі той бок вуліцы, дзе знайходзіцца райвыканкам, а да сярэдзіны 1980-х гг. перастала існаваць і забудова другога боку Горкага. Тут з’явіліўся цэлы шэраг чырвоных шматпавярховікаў накшталт крамлёўскай сцяны. А дзесяць гадоў таму зруйнавалі і Залатую Горку, так на гэтым месцы нічога і не пабудаваўшы.

 

Далей за раддомам вуліца Горкага прырастала, паглынаючы навакольныя палі ды хутары. Сёння гэта, бадай, адзіная вуліца горада, па якой можна паступова ўвайсці з ХХІ у ХVIII стагоддзе.

 

Першае фота: жнівень 1968 г.

 

Чытайце таксама:

 

Забытыя мясціны Гродна. Вуліца якой зусім няма

 

Забытыя мясціны Гродна. Успамін пра Пральны завулак

 

Чыноўніцкая калонія ў Гродне: як з’явіўся прывабны куток старога горада, які любяць чыноўнікі ўсіх часоў

 

Забытыя мясціны Гродна. Лепшы шпіталь у горадзе, які пустуе ў чаканні рамонту

 

Забытыя мясціны Гродна. “Кесонны” мост у канцы Брыгіцкай вуліцы

 

Забытыя мясціны Гродна. Школа павівальных бабак, якую “з’еў” Гроднаэнерга


Забытыя мясціны Гродна: Дом Баркоўскага – дзекабрыста і царскага генерала

 

Бальніца з каларытам: як вар’яты ў Гродне жылі па суседству з губернатарам

 

Забытыя будынкі Гродна: карчма, якую знеслі для аблвыканкама

 

Забытыя будынкі Гродна. Тартак “Лес”, які нагадваў замак ды знік бясследна

 

Забытыя мясціны Гродна: дом, ад якога засталася толькі рыбка

 

Забытыя мясціны Гродна: вуліца Кляшторная, якую “дабіў” Дом быту

 

Кармяліцкая камяніца. Гарадзенскі дом, які ніхто не намаляваў

 

Кася і Бася – расійская і нямецкая сёстры ў самай высокай кропцы Гродна

 

Гарадзенскія львы: гісторыя і сучаснасць

 

У пошуках страчанага: Шляхецкі дворык у цэнтры Гродна