Паўтара месяца сярэдняя школа ў аграгарадку Рацічы Гродзенскага раёна была зачынена. Працу яе прыпынілі да высвятлення прычын інцыдэнту, што здарыўся тут 11 лютага. Тады больш за сорак школьнікаў даставілі ў бальніцу з дыягназам “атручанне невядомай этыялогіі”: дзеці адчулі сябе дрэнна на лінейцы, некаторыя страцілі прытомнасць, іншыя скардзіліся на агульную слабасць. Расследаванне прычын таго, што адбылося, працягваецца. Аднак спецыялісты ўжо гатовыя агучыць папярэднія версіі. Сабралі для гэтага і бацькоўскі сход, піша 25 сакавіка Белта. Бацькам патлумачылі – пагрозы здароўю дзяцей няма, школа пачынае працу з 28 сакавіка. Папярэдняя прычына таго, што адбылося – атручанне чадным газам.