Вуліныя мастакі, што на свой густ размалёўваюць сцены ў горадзе і пакідаюць рознага кшталту надпісы, ўжо даўно сталі тэмай абмеркаванняў сярод гаражан. Часта гэты жывапіс далёкі ад дасканаласці і толькі псуе знешні выгляд гарадской прасторы. Знайсці такіх гора-мастакоў не ўяўляецца магчымым. Іншая справа, калі графітысты працуюць па “законах жанра” і падпісваюць свае працы. Тады вызначыць іх значна прасцей. І пакараць – таксама. Так сталася і ў выпадку з яркімі малюнкамі, што з’явіліся на фасадах ў цэнтры Гродна. Іх аўтараў міліцыя з’ідэнтыфікавала. Як высветлілася, дазволу на роспіс будынкаў яны не мелі, а фарбу атрымалі на зусім іншы праект.