Двухгадовы Ягорка ўжо ідзе на папраўку, але саплівіць і дыханне пакуль крышку жорсткае. Трохмесячная Аліна яшчэ тэмпературыць. У Пеці і Максіма, якім па годзе, трымаецца кашаль. Усе гэтыя дзеці – сіроты з дома дзіцяці. Калі такія малыя хварэюць, мамы не бяруць бальнічны, каб разам з імі легчы ў шпіталь – мам у іх няма. У аддзяленнях бальніц яны застаюцца прадстаўленымі самі сабе. Але Ягорку, Аліне, Пецю і Максіму пашанцавала крыху больш, чым усім астатнім кінутым малянятам у нашай краіне. Тут, у пульманалагічным аддзяленні дзіцячай абласной клінічнай бальніцы ў Гродне, з імі працуе Жанна Заблодская – адзіная ў Беларусі няня, якая даглядае малых, непатрэбных сваім бацькам. І на аплату яе працы грошай цяпер практычна няма.